У зімовы перыяд павялічваецца колькасць зваротаў па медыцынскую дапамогу ў сувязі з траўмамі рук, ног: вывіхамі, расцяжэннямі звязак, пераломамі.

Узровень траўматызму на 90% залежыць ад знешніх і ўнутраных фактараў. Да знешніх адносяцца стан аўтамабільных дарог, прыпынкаў транспарту, тратураў і пешаходных зон, якасць іх догляду і прыбірання, своечасовае чышчанне наледзі і апрацоўка супрацьгалалёднымі сродкамі ганкаў і прыступак будынкаў і збудаванняў, ле­дзяшоў і снегу на скатных дахах будынкаў.  

Што варта ўлічыць жанчынам

Унутранымі фактарамі з’яўляюцца: прытрымліванне тэхнікі бяспекі, прынцыпаў бяспекі, правілаў дарожнага руху, здаровага ладу жыцця. Асаблівую ўвагу трэба надаць вопратцы і абутку, прызначанай для зімовых умоў. Спрыяе росту траўматызму абутак на высокім абцасе. У ім лёгка спатыкнуцца і ўпасці.

Я заклікаю дзяўчат і жанчын быць асцярожнымі зімой, не рызыкаваць, адпраўляючыся на працу ў абутку на высокіх абцасах.
Лепш, калі падэшва будзе з буйной рабрыстасцю, якая не слізгае. У галалёдзіцу хадзіць трэба па-асабліваму, не так, як на подыуме, а як мага марудней – як бы слізгаць, нібы на маленькіх лыжах. Быць ўважлівымі і пільнымі пры пад’ёме на прыступкі, бардзюры.

Фота Наталлі Тур.

Фота Наталлі Тур.

Паклапаціцеся пра сталых людзей і дзяцей

Сталым людзям рэкамендуецца прымацоўваць на падэшву абутку адмысловыя “супрацьгалалёдныя” накладкі, выкарыстоўваць для дадатковай апоры кій.

Важна навучыць дзіця тэхніцы бяспекі пры катанні на лыжах, каньках, санках – уменню падаць, згрупаваўшыся. Пры падзенні нельга выстаўляць руку для апоры, каб утрымаць раўнавагу! Найбольш распаўсюджаныя траўмы – пераломы рук – узнікаюць менавіта з-за таго, што, падаючы, чалавек інстынктыўна выстаўляе наперад руку і падае на яе ўсёй вагой цела.

Што павінны зрабіць кіраўнікі арганізацый

Кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, у штаце якіх ёсць работнікі па прыбіранні тэрыторый, дворнікі, вартаўнікі, трэба арганізаваць своечасовае, да пачатку работы ўстаноў, чышчанне пешаходных дарожак, прыступак ганкаў, пандусаў ад ле­дзяных і снежна-ледзяных утварэнняў, апрацаваць іх супрацьгалалёднымі сродкамі. Калі прыступкі ганка не абсталяваныя поручнем, на іх укладзеная слізкая плітка, то неабходна на зіму заслаць іх спецыяльна замацаваным супрацьслізготным сінтэтычным пакрыццём ці пакласці драўляныя шчыты.

Фота Наталлі Тур.

Фота Наталлі Тур.

Маюць рацыю тыя неабыякавыя грамадзяне, якія робяць адпаведны запіс аб неналежным утрыманні прыступак ганка або прылеглай тэрыторыі арганізацыі або ўстановы ў Кнігу скаргаў і прапаноў. Такая кніга ёсць у кожнай арганізацыі, установе і нават кіёску, і выдаць яе абавязаныя па першым патрабаванні.

Якія штрафы чака­юць за непачышчаны снег

За несвоечасовую чыстку ад снежных і снежна-ледзяных утварэнняў прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 25 базавых велічынь, на ІП – ад 10 да 50 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу – ад 20 да 100 базавых велічынь.

Спецыялісты Маладзечанскага занальнага ЦГЭ праводзяць штодзённы маніторынг, за тыдзень агледзелі тэрыторыі 37 арганізацый, далі 15 рэкамендацый па ліквідацыі парушэнняў.

Фота Наталлі Тур.

Фота Наталлі Тур.