Салдаты ў мундзірах часоў Першай сусветнай адбіваюць нямецкую атаку. Жанчыны ў форме сясцёр міласэрнасці ратуюць параненых. Гэта не кадры старой дакументальнай хронікі. Усё гэта можна было ўбачыць 12 лістапада ў Заброддзі.

Тут, На Вілейшчыне, у музеі Першай сусветнай вайны, адзначылі Дзень прымірэння і памяці.

Сёлета 11 лістапада споўнілася 98 год з дня заканчэння Першай сусветнай вайны. У гэты дзень у Францыі падпісалі Камп’енскае перамір’е. Нямецкія войскі прызналі сябе пераможанымі і пачалі выходзіць з усіх акупаваных тэрыторый, у тым ліку і з беларускіх зямель.

Ва ўсіх краінах-удзельніцах вайны, а іх было 38, 11 лістапада праводзяцца мерапрыемствы, якія маюць агульную назву “Дзень прымірэння”.

У Заброддзі з гэтай нагоды сабраліся энтузіясты, краязнаўцы і проста неабыякавыя да сваёй гісторыі людзі, каб правесці ваенна-гістарычную рэканструкцыю.

У верасні 1915 года салдаты рускай арміі правялі аперацыю па вызваленні Вілейкі ад нямецкіх войскаў. Гэтыя падзеі рэканструявалі арганізатары.

Адбівалі нямецкую атаку, як 100 гадоў таму

Па дадзеных гісторыкаў, страты ў баях за Вілейку ў часы Першай сусветнай перавышаюць страты пры вызваленні горада ў 1944 годзе.

У баях удзельнічала руская імператарская армія, таму некаторыя лічаць, што ў яе шэрагах былі толькі рускія. Аднак гэта не так. Руская армія была шматнацыянальнай і шматканфесійнай.

За Вілейку ў 1915 годзе змагаліся і беларусы. 13% камандармаў былі нашымі землякамі. Сёння на Вілейшчыне ўсталявалі 24 помнікі, прысвечаныя гэтым падзеям.

У гонар заканчэння вайны ў Заброддзі рэканструявалі бой, які адбываўся тут амаль стагоддзе таму.  Дзякуючы ўдзельнікам ваенна-гістарычных клубаў з Мінска і Брэста, супрацоўнікам Цэнтра верхавой язды са Старынак,  аграсядзібы “Заброддзе” і старшыні праўлення фонду памяці Першай сусветнай вайны “Крокі” Вячаславу Бандарэнку  наведнікі змаглі адчуць каларыт баявых падзей.

Фота забяспечана музеем Заброддзе.

Фота забяспечана музеем Заброддзе.

Правялі таксама паніхіду на Брацкіх вайсковых могілках, што месцяцца ў лесе недалёка ад вёскі Заброддзе, крыжовы ход да Барыса-глебскай царквы  і малебен “перад боем”.  Пасля мерапрыемства святар прызнаўся, што першы раз у жыцці ладзіў малебен “пад канвоем”: з двух бакоў ад яго стаялі коннікі са зброяй.

– Для мерапрыемства мы падрыхтавалі падборку песень Першай сусветнай, каб стварыць тагачасную атмасферу. Я бачыла па вачах людзей, асабліва прадстаўнікоў старэйшага пакалення, наколькі эмацыйна яны ўспрымалі музыку, – падзялілася рэжысёр Валянціна Цітовіч.

Па словах жанчыны, многія думалі, што гэтыя песні рэвалюцыйныя. І толькі ў час мерапрыемства даведаліся, што гэта пераробленыя песні Першай сусветнай вайны.

У перапынках паміж мерапрыемствамі можна было паразмаўляць з рэканструктарамі, зладзіць фотасесію, пакатацца на конях і пагрэццца гарачым чаем з салдацкай кухні.

Фота забяспечана музеем Заброддзе.

Фота забяспечана музеем Заброддзе.

– Як рэжысёр я зразумела, што мерапрыемства нам удалося, – такую аб’ектыўную ацэнку Дню прымірэння і памяці ў Заброддзі дала Валянціна Пятроўна.

Касэль-Заброддзе: як даглядаюць могілкі Першай сусветнай

Цікава, а які погляд на дзейнасць Валянціны і Барыса Цітовічаў маюць у Германіі?

Памяць павінна быць з абодвух бакоў, перакананая Валянціна Цітовіч.

Яна распавяла, што з немцамі музей у Заброддзі супрацоўнічае даўно. У прыватнасці, шматгадовыя сувязі ў музея з грамадскім аб’яднаннем “Народны саюз Германіі па доглядзе за вайсковымі пахаваннямі”.

Фота забяспечана музеем Заброддзе.

Фота забяспечана музеем Заброддзе.

Арганізацыя мае доўгую гісторыю. Яна была створаная ў хуткім часе пасля заканчэння Першай сусветнай вайны ў нямецкім горадзе Касэль для таго, каб даглядаць пахаванні нямецкіх салдат за межамі Германіі. У яго ўвайшлі былыя салдаты, чые сябры загінулі на франтах вайны.

У свой час па ініцыятыве Барыса Цітовіча валанцёры гэтай арганізацыі прыязджалі на Вілейшчыну. Тут, на тэрыторыі Іжанскага сельсавета, ёсць брацкая магіла, дзе побач пахаваныя і рускія, і немцы. З дапамогай вясковых уладаў валанцёры прывялі ў парадак могілкі. 

Фота забяспечана музеем Заброддзе.

Фота забяспечана музеем Заброддзе.

У час добраўпарадкавання не рабілі розніцы паміж помнікамі рускім і нямецкім вайскоўцам. Смерць у баі раўняе ўсіх, і не нам судзіць салдата, які ляжыць у зямлі, упэўненая Валянціна Пятроўна.

Ладзіліся таксама сумесныя беларуска-нямецкія велапрабегі па мясцінах Першай сусветнай. У такіх мерапрыемствах удзельнічаюць ваенныя курсанты абедзвюх краін або афіцэры запасу.

І ўсё ж, па словах жанчыны, ёсць пэўныя праблемы. Нямецкі саюз па доглядзе за вайсковымі пахаваннямі шмат робіць для захавання памяці пра сваіх салдат, прыводзіць у парадак нямецкія пахаванні. Усё гэта робіцца на дзяржаўным узроўні. Людзі, якія даглядаюць нямецкія могілкі ў Беларусі, нават атрымліваюць грошы за гэта. Што да пахаванняў салдат рускай арміі, тут не заўсёды ёсць такая падтрымка. І ад гэтага крыўдна.