У наступным годзе ў гарадскім парку ў Вілейцы з’явіцца скульптура мамы з дзецьмі. Як яна будзе выглядаць? Пакуль ніхто не ведае.
Ад 21 лістапада пачнецца конкурс на стварэнне скульптуры. Яго арганізаваў Вілейскі райвыканкам сумесна з фондам імя Еўфрасінні Полацкай.
Калі прадстаўнікі Фонду звярнуўся з прапановай у Вілейскі райвыканкам, тут іх падтрымалі:
– Тэма маці і радасці мацярынства вельмі актуальная ў нашым грамадстве, – упэўненая галоўны архітэктар.
“Мама з дзецьмі” стануць цэнтрам ціхай зоны ў парку
Скульптурная кампазіцыя “Мама з дзецьмі” ўпрыгожыць паўднёвую частку парку. Тут будзе своеасаблівая “ціхая зона”, спакойны куток з лаўкамі і сцяжынкамі.
Па словах галоўнага архітэктара раёна Галіны Кажарновіч, рабіць тут нешта спартыўнае і гучнае не варта. Побач знаходзіцца царква. Пасля ўстаноўкі да кампазіцыі зробяць падсветку.
Згодна з палажэннем, паўдзельнічаць у конкурсе змогуць як беларускія, так і замежныя скульптары. Адзіная ўмова – яны павінны быць дыпламаванымі спецыялістамі. Народныя ўмельцы тут праявіць свае здольнасці не змогуць.
Працаваць скульптар будзе ў творчым тандэме з Людмілай Луцэвіч – архітэктарам парку. Скульптуры трэба планаваць з прывязкай да канкрэтнай тэрыторыі.
Вось чаму, калі аўтар заявіць пра сваё жаданне паўдзельнічаць, яму дашлюць па “электронцы” генеральны план парку з указаннем канкрэтнага месца размяшчэння скульптуры і фотаздымак мясцовасці. Скульптар нават атрымае фотаздымак жанчыны, каб дасягнуць канцэптуальнага падабенства сваёй мадэлі і жанчыны з фота.
У вілейскім парку.
Конкурс будуць праводзіць у два этапы. На першым журы разгледзіць прапанаваныя мадэлі ў электронным выглядзе, на другім – аб’ёмную паменшаную мадэль будучай скульптуры.
Арыгінальную кампазіцыю зробяць з бронзы. А вышыня яе будзе 2 метры 20 сантыметраў. Па словах галоўнага архітэктара, гэта класічная вышыня для скульптуры. Так яна будзе лепш успрымацца.
Ролю журы выканае Мінскі абласны мастацка-экспертны савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Тут на пасяджэнні вызначаць лепшую скульптурную кампазіцыю, якая і ўпрыгожыць парк.
Двое ці пяцёра? Ніякай розніцы
Сюжэт кампазіцыі аўтар выбірае сам. Галоўнае, каб была мама з дзецьмі. Далей – прастор для творчасці.
– Колькі будзе дзяцей, двое ці пяцёра, хлопчыкі ці дзяўчынкі, не мае ніякай розніцы, – распавяла Галіна Кажарновіч.
Трэнажорная пляцоўка ў парку. Фота Аксаны Ярашонак.
Як скульптар увасобіць радасць мацярынства, гэта таксама яго справа. Ён можа гэта зрабіць традыцыйна, а можа ў алегарычнай форме.
Ствараць скульптары будуць у даволі кароткі час. Конкурс пачынаецца 21 лістапада. Да 1 снежня прымаюць заяўкі. А да 23 снежня Мінскі абласны мастацка-экспертны савет ужо вызначыць лепшую скульптурную кампазіцыю і аб’явіць пераможца.
У любым конкурсе ёсць узнагароды. Што атрымае скульптар-пераможца?
Фота Аксаны Ярашонак. Адно з цікавых месцаў адпачынку для моладзі.
– Ён атрымае магчымасць рэалізаваць сваю ідэю. А гэта лепшая ўзнагарода для творцы, – упэўненая Галіна Кажарновіч.
Конкурс яшчэ не пачаўся. А заяўкі ад двух скульптараў ужо ёсць.
Дзе яшчэ ў рэгіёне ёсць скульптуры маці
У Маладзечне скульптура жанчыны-маці ўпрыгожвае тэрыторыю ля радзільнага дома. Як расказаў былы галоўны доктар горада Казімір Клыга, будынак радзільнага дома здалі у 1973 годзе.
Скульптуру ж устанавілі у канцы 1970-х гадоў. Прадстаўнікі тагачаснага кіраўніцтва вобласці, распавёў доктар, любілі, каб ля медыцынскіх устаноў быў парадак і прыгажосць.
Да таго ж у савецкія часы раддом Маладзечна быў школай перадавога досведу былога СССР. Сюды часта прыязджалі розныя дэлегацыі.
Скульптуры стварылі, перш за ўсё таму, што ўстанова – выключна жаночая. Ды і для прыгажосці таксама, распавёў Казімір Клыга.
У Валожыне такой скульптуры няма. Але ёсць алея Маці. Па словах Вікенція Адамовіча, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валожынскага райвыканкама, яе пасадзілі некалькі год назад з непладовых дрэў ля будынка Валожынскага музея. У пачатку алеі ёсць прыступкі і памятны камень, дзе паведамляецца, што алею пасадзілі ў гонар матуль.