Сёння 6-павярховы будынак гасцініцы прымаў высокіх гасцей. На цырымонію адкрыцця першага ў горадзе трохзоркавага гатэля прыехалі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сямашка, міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Дзяшко. У цырымоніі таксама ўзяў удзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Адам Кавалько.

На цырымоніі адкрыцця ганаровым гасцям уручылі памятныя знакі і сімвалічныя ключы ад новай гасцініцы.

– Мы ўдзячныя мясцовым уладам за тое, што яны вітаюць нашу ініцыятыву і аказваюць усялякае садзейнічанне, – сказаў інвестар, старшыня асацыяцыі “Турэцкі капітал” Ігдэджы Седат. – Мы робім адну справу – развіваем рэгіён. Да таго моманту, калі ў Астравец прыедуць спецыялісты з усёй краіны і з-за мяжы, агульнымі намаганнямі мы ўжо падрыхтуем для іх усё неабходнае: гасцініцы, кафэ, крамы, цэнтры вольнага часу, базы адпачынку.

Пасля ўрачыстага адкрыцця правялі экскурсію па гатэлі. У 6-павярховым будынку 68 нумароў, якія цалкам укамплектаваны сучаснай камфортнай мэбляй, вырабленай на замову.

На першым паверсе гатовы да адкрыцця рэстаран, на другім – службовыя памяшканні і прасторная канферэнц-зала.

Будаўніцтва гасцініцы – гэта першы, але не адзіны аб’ект турэцкага інвестара на Астравеччыне. Побач з памежным пунктам пропуску “Катлоўка” на беларуска-літоўскай мяжы ўжо ўзвялі першую чаргу аўтазаправачнай станцыі. Будуюць пункт прыдарожнага сэрвісу – другая чарга АЗС, матэль, кафэ і магазін, паркінг на 250 месцаў для вялікагрузных аўтамабіляў.

У самім Астраўцы турэцкай кампаніі вылучылі пад забудову ўчастак для будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома.

Новы аб’ект даў працу 50 астраўчанам. Столькі працоўных месцаў з’явілася ў гасцініцы і рэстаране, які тут рамешчаны.