У кастрычніку на платформе Talaka.by стартаваў конкурс крэатыўных ідэй “Кірмаш праектаў” для Маладзечна, арганізаваны культурніцкай кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і Школай маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA.

Кірмаш праектаў – гэта конкурс ідэй, якія здольныя вырашыць культурніцкія і/ці сацыяльныя праблемы гарадской прасторы, дзякуючы якому аднадумцы знаходзяць партнёраў для ўвасаблення задумы. Для нашай краіны гэта новы фармат публічных мерапрыемстваў. Некалькі гадоў кампанія “Будзьма беларусамі!” паспяхова ладзіць такія конкурсы ў розных гарадах Беларусі, каб  дапамагчы ў вырашэнні важных пытанняў і палепшыць жыццё мясцовых жахароў.

Месяц на платформе Talaka.by збіраліся і абмяркоўваліся ідэі, праходзіла галасаванка. І цяпер аўтары праектаў могуць публічна прэзентаваць свае задумы шырокай публіцы.

24 лістапада ў адукацыйным цэнтры “Адкрытая прастора” ў Маладзечне адбудзецца “Кірмаш праектаў”. Усе прысутныя атрымаюць магчымасць натхніцца досведам актыўных і цікавых людзей роднага горада, а аўтары ідэй змогуць атрымаць экспертную і народную ацэнку свайго праекта, апрабуюць і прарэкламуюць свае задумы. Акрамя гэтага, “Кірмаш праектаў” – выдатны шанец знайсці аднадумцаў і партнёраў, пляцоўкі і рэсурсы, стаць культурным героем не толькі ў Маладзечне, але і ва ўсёй краіне.

Такім чынам, 24 лістапада а шостай гадзіне вечара ў Маладзечне па вуліцы Валынца, 12-б будуць прадстаўленыя 14 праектаў:

 “Танцавальны тур па грамадскіх месцах Маладзечна” (Воля Трубач) – арганізацыя танцавальных вечарын у грамадскіх месцах;

 “Гарадок  вядомы і невядомы” (Аляксей Жахавец) – напаўненне і прасоўванне сайта пра мястэчка Гарадок і яго наваколле;

 “Валанцёрская відэастудыя” (Руслан Кісялёў) – рэалізацыя крэатыўных праектаў і развіццё творчага патэнцыялу праз стварэнне відэаролікаў;

 “Праспект “РГ” (Наталля Тур) – новы фармат культурнага адпачынку і знаёмства з мясцовымі навінамі;

 “Прыхаванае вякамі” (Алеся Каролік) – відэапраект пра дзейнасць выбітных асоб Маладзечна;

 Клуб рэгіянальных мастакоў (Алена Скабло) – актывізацыя мастацкага жыцця ў горадзе праз стварэнне мастацкага аб’яднання;

– “Cinema Verite” (Вольга Пятрова) – стварэнне дзіцячай кінашколы;

– “Акно ў мінулае” (Яўген Марушка) – серыя адукацыйных семінараў, прысвечаных  культуры і традыцыям Беларусі;

 “Папулярызацыя міжваеннай архітэктуры Маладзечна” (Уладзімір Садоўскі) – раскрыццё малавядомых старонак гісторыі Маладзечна на прыкладзе міжваеннай архітэктуры горада;

 “Музей выцінанкі” (Наталля Сухая) – стварэнне прасторы для рэалізацыі творчых праектаў мастацкага і этнаграфічнага характару;

– Міні-парк “Уша” (Руслан Кісялёў) – арганізацыя новага гарадскога аб’екта адпачынку, спорту і культуры;

– “Здаровы горад!” (Андрэй Буслаўскі) – ідэя стварэння велаінфраструктуры ў Маладзечне;

– “Забаўлянкі-выцінанкі”(Вольга Бабурына) – выданне і распаўсюд серыі паштовак з выцінанкамі і лекаламі на праз выставы, прэзентацыі і варштаты;

 “Горад майстроў” (Павал Хаванскі) – серыя майстар-класаў па народным рамёствам для ўсіх зацікаўленых.

Зацікавілі тэмы? Хочаце быць у курсе, куды рухаецца супольнасць самых актыўных і творчых людзей Маладзечна? Адчуваеце ў сабе здольнасць дапамагчы? Запрашаем!

Не заставайцеся ўбаку! Разам мы можам зрабіць неверагоднае!

Даведкі па нумары (8029) 712-18-03.

Паводле budzma.by.