У інтэрнэце іх назбіралася ўжо нямала. Калі паказваць іх хоць некалькі разоў на тыдзень малым беларусам і беларусачкам, то яны ўжо ніколі не забудуцца на існаванне беларускай мовы. А ніжэй для вас ужо складзены невялікі “стартавы пакет”. Прыемнага прагляду, і не забудзьцеся падзяліцца гэтым артыкулам у сацсетках.

Беларускія прымаўкі. Абсалютна геніяльны анімацыйны твор як па форме, так і па змесце. Анімацыя выкананая ў стылі выцінанкі, а сюжэт пабудаваны на беларускіх прымаўках. Мульт цікавы дзецям і дарослым усіх узростаў. Аўтар ідэі, сцэнарыст і рэжысёр – Міхаіл Тумеля. “Беларусьфільм”, 2008 год.

Піліпка – новая плынь беларускай анімацыі. Твор стаў лаўрэатам некалькіх прэмій і з’яўляецца ўзорам якаснага беларускамоўнага прадукту для маленькіх гледачоў. У аснове сюжэта – беларуская народная казка. Рэжысёр – Таццяна Кубліцкая.

Свінка Пэпа – адзін з сусветнавядомых дзіцячых мультыплікацыйных фільмаў. Адмысловы беларускамоўны дубляж зрабіла студыя “Кінаконг”. Больш за 20 серый размешчана на YouTube-канале студыі.

Дзед – яшчэ адзін якасны анімацыйны фільм кінастудыі “Беларусьфільм”. Сюжэт таксама пабудаваны па матывах беларускай народнай казкі. Сцэнарыст і рэжысёр – Аляксандар Ленкін.

Аблавушак – польскі анімацыйны фільм, які агучаны тэлеканалам “Белсат”, у ім распавядаецца пра прыгоды маленькага мядзведзіка Аблавушка. Рэжысёры – Януш Галевіч і Бернард Дэц. Усе серыі лепш шукаць уручную, бо на YouTube “Белсата” іх знайсці вельмі няпроста.

Аповесць мінулых гадоў – мультыплікацыйны фільм кінастудыі “Беларусьфільм”, які распавядае пра розныя аспекты гісторыі Беларусі. Фільм цікавы дзецям ад пяці гадоў і вышэй. Акрамя вышэйпададзенага фрагмента, у інтэрнэт на розных каналах выкладзена некалькі частак — туттуттут і тут. Аўтар ідэі і кіраўнік праекта – Ігар Воўчак.

Рыцар Пятрусь герба “Тры яблыкі” – французкі анімацыйны фільм пра прыгоды рыцара. Беларускамоўны дубляж зроблены тэлеканалам “Белсат”. Большасць серый, а таксама вельмі шмат іншых беларускамоўных мультоў, можна знайсці на гэтым YouTube-канале.

Пра рыцара, што нікога не баяўся – олдскульны хорар-мульт ад “Беларусьфільма”, сюжэт якога нечым нагадвае Дон Кіхота. Дзеці могуць спужацца, але ва ўсіх нас у дзяцінстве былі мультфільмы, якіх мы баяліся. Рэжысёр – А. Турава.

“Як Несцерка скарб шукаў” – класічны беларускі мультфільм па матывах народнай казкі. Рэжысёр – Ігар Воўчак.

Калыханка ад Дзеда Барадзеда. Без яе – ніяк. Гэта неўміручая класіка цэлага пакалення, колькасць праглядаў якой на YouTube ужо каля 200 тысяч. Для больш маладога пакалення ёсць і такая калыханка на словы Генадзя Бураўкіна.

Паводле “Нашай Нівы”.