25 лістапада ў 20:00 на пляцоўцы “RED BAR” (вул. Валынца 12-б, к.2) адбудзецца прэзентацыя кнігі “1813” маладзечанскага аўтара Уладзіміра Садоўскага.

“1813” – гэта першы зомбі-хорар, напісаны па-беларуску. Дзеянне кнігі адбываецца на Маладзечаншчыне, галоўны герой – кампазітар і дыпламат Міхал Клеафас Агінскі. Ён напрыканцы зімы 1813 года прыязджае да свайго дзядзькі ў замак каля мястэчка Маладзечна.

З надыходам адлігі на навакольных палях паўстаюць французскія жаўнеры-зомбі, забітыя ў адну з апошніх бітваў вайны 1812 года. Агінскі вымушаны ўзяцца за зброю, каб бараніць родны край ад жудаснай навалы.

Сродкі на выданне “1813” сабралі праз інтэрнэт на краўдфандынг-пляцоўцы ULEJ.BY – любы мог унесці такую суму на праект, якую лічыў патрэбным. 1 лістапада стартавалі продажы электроннай кнігі на партале kniharnia.by.

Уваход вольны.