Вучоба ў Гродзенскім медыцынскім універсітэце, інтэрнатура ў Маладзечне, чатыры гады працы доктарам-рэнтгенолагам у валожынскай бальніцы і актуальны сярэдні заробак у 750 рублёў.

Павел Дрожжа распавёў “РГ”, якім чынам яго маладая сям’я размяркоўвае сямейны бюджэт.

“Жаданне дапамагаць людзям дагэтуль не знікла”

28-гадовы Павел працуе на паўтары стаўкі (як доктар-рэнтгенолаг і доктар-рэнтгенолаг, загадчык рэнтгенаўскага кабінета) – гэта 45 га­дзін на тыдзень. Паколькі ўмовы працы шкодныя, адна стаўка – гэта 6 гадзін.

Павел Дрожжа.

Павел Дрожжа.

– Ідучы ў медыцыну, я ведаў, што ў бюджэтных арганізацыях плацяць няшмат, але жаданне дапамагаць лю­дзям было мацней, – кажа Павел. – Яно і дагэтуль ёсць. Хацелася б, каб праца дактароў вышэй аплачвалася. Калі размаўляю з сябрамі з іншых краін, то разумею, што там нашу спецыяльнасць больш цэняць і плацяць у разы больш.

Звычайна ў медыцыне найвышэйшы заробак маюць гінеколагі, стаматолагі і хірургі, якія аперыруюць. Можна павысіць заробак, беручы дадатковыя дзяжурствы і ахвяруючы пры гэтым вольным часам.

“На адну стаўку док­тара няма чаго есці, а на дзве – няма калі”, – прыгадвае суразмоўца стары жарт у тэму.

“Адкладваем грошы так, як рэкамендуюць мільянеры”

Штомесяц Павел мае ў сярэднім 750 рублёў – без дзяжурстваў, з даплатай за шкодныя ўмовы працы, з надбаўкамі, прэміямі і адлічанымі падаткамі. Сям’я ў Паў­ла пакуль невялікая – ён і жонка Наталля. Наталля таксама працуе ў бюджэтнай сферы, яе заробак прыкладна ў два з паловай разы меншы.

– Бюджэт у нас агульны, – тлумачыць Павел. – У асноўным я аплачваю ўсе расходы. Калі нам на нешта не хапае – дадае жонка.
На квартплату і інтэрнэт у месяц ідзе 65-70 рублёў, яшчэ 25 – на мабільную сувязь. На ежу атрымліваецца 100-150 рублёў штомесяц.

Часам маладой сям’і некаторыя прадукты даюць бацькі, тады на харчаванне выдаткоўваецца яшчэ менш.

– Адзенне мы не набываем штомесяц, таму не выношу яго ў асобны пункт, – каментуе суразмоўца. – Але каб купіць нам з жонкай дзве пары зімовых ботаў, трэба рублёў 400…

Паколькі Павел з Наталляй перыядычна ездзяць у Маладзечна і Мінск, на праезд ідзе 50-60 рублёў. Да таго ж пара імкнецца ўкладваць грошы ў самаадукацыю. Кнігі, дыскі, ­удзел ў канферэнцыях, напрыклад, па здароўі, матывацыі ці прадпрымальніцтве, – на гэта сям’я выдаткоўвае каля 70 рублёў у месяц.

Тавары для дома, якасная касметыка для жонкі, тавары для здароўя – значная частка расходаў, якую пара называе “добрай інвестыцыяй”. Яна забірае прыкладна 200 рублёў у месяц.

– Мы намагаемся хаця б 10% даходу адкладваць як недатыкальны запас. Дакладна так, як рэкамендуюць мільянеры, – усміхаецца Павел. – У маім выпадку гэта 75 рублёў. Тыя грошы, што застаюцца, ідуць на непрадбачаныя расходы, падарункі і забавы. А тое, што застаецца ад двух нашых заробкаў пасля адкладання ў “недатыкальны запас”, ідзе на адзенне і падарожжы. Сумы там невялікія. Каб яны былі большымі, трэба і заробак мець большы альбо мець дадатковыя пад­працоўкі.

На пытанне аб тым, што зрабіць з вялікай сумай грошай, калі б тая раптам звалілася на галаву, у Паўла ёсць грунтоўны адказ: частку грошай інвеставаць, частку аддаць на дабрачыннасць, набыць нерухомасць ды адправіць сваіх бацькоў і бацькоў жонкі на добры адпачынак.

– Вялікімі грашыма трэба ўмець карыстацца, – заўважае Павел. – Каб, растраціўшы іх, не апынуцца ў фінансавай яме. Таму я пакуль трэніруюся на малых сумах, каб быць гатовым да вялікіх грошай.