Вольга Злотнікава ўпэўненая, калі чалавек хоча быць здаровым, трэба ўвесь час працаваць над сабой, сваімі слабасцямі, старацца весці здаровы лад жыцця.

Дзяўчына працуе трэнерам па фітнесу, навучае ўсходнім танцам, ёзе, таму фізічныя нагрузкі ў яе рэгулярныя. Аднак, як лічыць Вольга, гэтага недастаткова, каб арганізм быў здаровы і чалавек адчуваў сябе камфортна. 

У пэўны час яна зацікавілася здаровым харчаваннем, пачала чытаць адпаведную літаратуру, глядзець відэа са спецыялістамі ў інтэрнэце. Хутка ўпэўнілася: тое, чым харчуецца, не зусім карыснае для арганізма.

Першым крокам адмовілася ад шкоднай ежы, напрыклад, чыпсаў, ласункаў, стала больш пільна чытаць склад прадуктаў, якія набывае ў магазінах.

Першым крокам адмовілася ад шкоднай ежы, напрыклад, чыпсаў, ласункаў. Фота LadyInLife.ru.

Першым крокам адмовілася ад шкоднай ежы, напрыклад, чыпсаў, ласункаў. Фота LadyInLife.ru.

– У відэа па рацыянальным харчаванні ад многіх медыкаў я па­чула, што мяса не такое карыснае, як можа падавацца большасці лю­дзей, – расказвае Вольга. – Напачатку я адмаўляла гэта, як можна жыць без сакавіта падсмажанага кавалачка паляндвічкі альбо не пакаштаваць кілбаску ў гасцях. З цягам часу вырашыла ўсё ж такі паспрабаваць. Тым больш падумала пра бедных жывёлак, якіх з’ядаем для задавальнення свайго страўніка.

У гасцях часам немагчыма ўстрымацца ад мяса

Жанчына не адмовілася раз і назаўсёды ад мяснога, паступова прывучала свой арганізм да новага рэжыму.

– Я ўпэўненая, калі адразу адмаўляцца ад таго, да чаго прывык з дзяцінства, карысці ад гэтага не будзе, – упэўненая Вольга. – Чыста псіхалагічна чалавеку будзе недаставаць любімага прадукту. Пачне дзейнічаць прынцып забароннага плода, які заў­сёды смачнейшы. І праз некаторы час чалавек проста не вытрымае. За любую справу трэба брацца паступова.

Вось ужо цягам чатырох месяцаў Вольга – вегетарыянка.

– Я звычайны чалавек і, як усе, таксама маю свае слабасці, таму часам вельмі хочацца сарвацца, з’есці кавалачак мяса, – усміхаецца Вольга. – Асабліва наведваюць такія думкі, калі прыходжу ў госці. Звычайна ж у нас на мерапрыемствы гатуюць пераважна мясныя стравы ды так прыгожа аздабляюць, што часам немагчыма ўстрымацца, але пакуль удаецца.

Святочны стол Вольгі таксама не абыходзіцца без мясных страў. Фота margaritavillecargo.com.

Святочны стол Вольгі таксама не абыходзіцца без мясных страў. Фота margaritavillecargo.com.

Святочны стол Вольгі таксама не абыходзіцца без мясных страў. Трэба паважаць меркаванне і густы іншых людзей, упэўненая яна, таму нель­га прымушаць есці тое, што гатуеш для сябе. Ёй бывае страшнавата, якая страва атрымаецца на смак, таму даводзіцца цалкам давяраць рэцэпту.

Мама Вольгі з паразуменнем паставілася да абранага ладу жыцця. А вось бацька ніяк не мог зразумець – як гэта без мяса, доўгі час ішоў на розныя хітрыкі, каб дачка з’ела хоць кавалачак. Аднойчы бульбу смажыў на тлушчы, а не на алеі. Пасля такіх хітрыкаў дзяўчына вырашыла гатаваць стравы сама.

Яна адзначае, што ў грамадстве далёка не ўсе людзі могуць успрыняць, што чалавек вядзе здаровы лад жыцця: правільна харчуецца, не ўжывае спіртнога, рэгулярна трэніруе цела. Вольга прызнаецца, што часам чуе крыўдныя пытанні, напрыклад, ты хворая, што не ясі мяса. Таму ў некаторых выпадках даводзіцца падтрымліваць кампанію, напрыклад, сядзець з бакалам якога-небудзь спіртнога. Пры гэтым яго не піць.

Эканоміш на здароўі, адкладай грошы на таблеткі

– З таго часу, як стала вегетарыянкай, пакаштавала, напэўна, усе гатункі рыбы, якія ёсць у нашых магазінах, – дзеліцца Вольга. – Безу­моў­на, самая смачная – чырвоная. Набываю яе раз на тыдзень. У мяне няма мэты зэканоміць грошы, галоўнае,  умацаваць здароўе, цела. Ды які сэнс эканоміі на сабе. Зэканоміш на прадуктах, не атрымаеш карысных элементаў для арганізма, праз некаторы час такая эканомія прывядзе да хваробы.

Як прызнаецца дзяўчына, першы час, як адмовілася ад мяснога, адчувала невялікі голад. З часам прызвычаілася, апетыт стаў меншым.

– Што самае незвычайнае для мяне – лёгкасць у страўніку, – дзеліцца назіраннямі Вольга. – Пры гэтым адчула яе не адразу, а прыкладна праз месяц новага ладу жыцця. Пры гэтым у мяне няма жорсткіх рамак наконт іншых прадуктаў. Неяк купіла сабе чыпсаў, з’ела невялічкую жменьку. Як жа пасля было дрэнна. Менавіта ў такія моманты і адчуваеш, наколькі важна правільна харчавацца.

Фота забяспечана Вольгай Злотнікавай.

Фота забяспечана Вольгай Злотнікавай.

Дзяўчына адзначыла, калі не набываць прадукты з відавочнымі дадаткамі, а праз некаторы час вярнуцца да звыклых прадуктаў, яны раскрываюцца па-новаму, нават падаецца, што смак узмацняецца.

Тым, хто толькі спрабуе адмовіцца ад мяса і перажывае, што будзе пакутаваць ад голаду, жанчына раіць есці арэхі, рыбу, сыр, бананы. Яны наталяюць голад не горш.

Спачатку ешце вачамі, потым ротам

Вольга ўпэўнівае, што важна не столькі тое, што ты ясі, а як ты гэта робіш, элементарная культура харчавання.

– Напрыклад, на Усходзе любы прыём ежы ператвараюць у трапезу. І гэта мае рацыю, – дзеліцца досведам дзяўчына. – Як гэта ні дзіўна, ядзім мы нават тады, калі ў роце не было макавага зярнятка. Спачатку страваванне па­чынаецца вачамі. Мы глядзім, наколькі прыгожа аздобленыя стравы, упрыгожаны стол. Пры гэтым мозг падае сігнал, што хутка можна есці. Страўнік пачынае рыхтавацца да гэтага, выдзяляе страўнікавы сок. Усё гэта садзейнічае лепшаму засваенню ежы. Калі есці павольна, то і асалоды атрымаеце ўдвая больш, і страўнік не атрымае лішняга. Культура харчавання паказвае адносіны чалавека да сябе самога: да здароўя, самаадчування.

Тым, хто толькі спрабуе правільна харчавацца, дзяўчына раіць знайсці аднадумцаў, з якімі будзе значна прасцей і якія падтрымаюць, калі захочацца вярнуцца да ранейшага ладу жыцця.

– Галоўнае, не спыняцца, – раіць яна. – А калі пачняце бачыць, адчуваць вынікі, гэта будзе натхняць, падштурхне прытрымлівацца пастаўленай мэты.