Галоўная каштоўнасць любога прадпрыемства – здаровы, энергічны і працаздольны калектыў.
І менавіта на захаванне здароўя і папярэджанне прафесійных захворванняў накіраваныя абавязковыя медыцынскія агляды.
Закон “Аб ахове працы” прадугледжвае абавязак наймальніка арганізаваць правядзенне абавязковых папярэдніх (пры паступленнi на работу), перыядычных (на працягу працоўнай дзейнасці) і перадзменных (перад пачаткам працы, змены) медыцынскіх аглядаў. Альбо агляду некаторых катэгорый работнікаў на стан алкагольнага, наркатычнага ці таксічнага ап’янення. Таксама пазачарговыя медыцынскія агляды пры пагаршэннi стану здароўя.
Наймальнік абавязаны не дапускаць да працы, адхіляць ад працы ў адпаведны дзень ці змену работніка, які не выкарыстоўвае сродкі індывідуальнай абароны ці не прайшоў медагляд.
Асобы, вінаватыя ў парушэнні заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту і аховы працы нясуць адказнасць у адпаведнасці з законам.
У апошнія гады на прамысловых прадпрыемствах не надаецца належная ўвага выкананню санітарнага заканадаўства, у тым ліку і забеспячэнню абавязковых медаглядаў. За дзевяць месяцаў на ўсіх 36 прамысловых прадпрыемствах, ахопленых планавымі мерапрыемствамі, знайшлі шматлікія парушэнні санітарных правіл.
Фота zt16.ru.
Аналагічная карціна была і ў 2014 – 2015 гадах. Пры гэтым колькасць прадпрыемстваў, дзе былі парушэнні, няўхільна расце. У 2014 годзе на 30-ці з 38-мі правераных у планавым парадку прадпрыемствах былі тыя ці іншыя парушэнні арганізацыі медыцынскіх аглядаў. У 2015 годзе на 41-м прадпрыемстве з 50-ці правераных. Гэты факт не можа не выклікаць трывогу.
Сёлета за дзевяць месяцаў па выніках толькі планавых праверак за парушэнні санітарных правілаў прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 9 юрыдычных асоб, 19 службовых асоб і 22 кіраўнікоў прадпрыемстваў. Сума штрафаў – 7 728 дэнамінаваных рублёў.
Вядома, не ўсе кіраўнікі безадказна ставяцца да стварэння здаровых і бяспечных умоў працы.
Работа па прафілактыцы прафесійных хвароб дазволіла стабілізаваць сітуацыю ў Маладзечанскім раёне. У 2013 – 2015 гадах зарэгістравалі па адным прафесійным захворванні ў год, у 2016 годзе пакуль не зарэгістравана.
Асноўны “пастаўшчык” прафзахваральнасці ў раёне – Маладзечанскі завод металаканструкцый, а лідарам сярод прафесій – электрагазазваршчык.
На прамысловых прадпрыемствах даволі высокая колькасць працоўных месцаў, дзе вытворчыя фактары не адпавядаюць гігіенічным нарматывам і ўмовы працы адносяцца да шкодных. Хіба не павышае рызыку захварэць спалучэнне няякасных медаглядаў і недастатковых мер абароны ад шкодных наступстваў? Ці не вернемся мы ў канец 80-х, калі ў Маладзечанскім раёне рэгістравалі 8-10 выпадкаў прафзахворванняў на год?
Кансультацыю па пытаннях санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, у тым ліку і арганізацыі абавязковых медаглядаў, наймальнікі ўсіх формаў уласнасці могуць атрымаць у Маладзечанскім занальным ЦГЭ па тэлефоне (80176) 500-526 або задаўшы пытанне на сайце ўстановы cge-molodechno.by.