У экспазіцыі “Дзве вайны – памяць адна” Вілейскага краязнаўчага музея ёсць карціна “Шлях з вайны ў мастацтва”. Яе намаляваў і падарыў музею Барыс Цітовіч – мастак, для якога захаванне памяці пра Першую сусветную стала ці не асноўнай справай жыцця.
На карціне – змучаны мужчына з мыліцай у форме вайскоўца Першай сусветнай, а побач – сястра міласэрнасці, якая трымае на далоні кавалачак гранаты тых часоў.
Будынак былой польскай гімназіі ў Вілейцы, дзе выкладаў Уладзіслаў Страмінскі. Фота Аксаны Ярашонак.
Мужчына – мастак Уладзілаў Страмінскі, сястра міласэрнасці – Кацярына Кобра. Гэтая жанчына даглядала Страмінскага пасля цяжкага ранення у Прохараўскім шпіталі ў Маскве. Пасля стала яго жонкай і далучыла мужа да мастацтва.
Барыс Цітовіч – пра вайскоўца і мастака Страмінскага
Мастак Барыс Цітовіч распавёў, што пра асобу Уладзіслава Страмінскага даведаўся не так даўно. У Польшчы я не быў, кажа Барыс Барысавіч, у Беларусі пра творчасць мастака доўгі час нічога не расказвалі.
Адкрыццём для Барыса Цітовіча стала публікацыя ў часопісе “Мастацтва”, дзе распавядалі пра жыццё і творчасць Уладзіслава Страмінскага.
– Гэта асоба вельмі ўразіла мяне тады, – кажа Барыс Барысавіч. – У ім – сіла і вайскоўца, і хрысціяніна. Я даўно працую з тэмай Першай сусветнай вайны, але тады ўпершыню даведаўся, што Страмінскі, тады яшчэ не мастак, а сапёр, браў удзел у абароне крэпасці Асавец.
![]()
Адзіны ў Беларусі помік, прысвечаны Страмінскаму, знаходзіцца ў Вілейцы.
Ён быў сярод 60 чалавек, якія выжылі там пасля нямецкай атакі і траўлення газам. Страмінскі ўзяў на сябе камандаванне гэтай невялікай групай. Тады, па словах Барыса Цітовіча, будучы мастак праявіў сябе як вайсковец.
А пад Валожынам, недалёка ад вёскі Пяршаі, ён здзейсніў яшчэ адзін сапраўдны чалавечы ўчынак. Малады без досведу салдацік-шараговец, падначалены Страмінскага, няўдала кінуў гранату. Яна абавязкова б пакалечыла ўсіх салдат у акопе. Але Страмінскі, заўважыўшы гэта, накрыў гранату сабой.
У выніку салдаты ўратаваліся. А афіцэр стаў калекам. Яму ампутавалі правую нагу і левае перадплечча. Выбух таксама пашкодзіў вока.
Кавалкі гранаты і калючы дрот на карціне – сапраўдныя
Барыс Барысавіч расказаў пра Уладзіслава Страмінскага як пра пачынальніка плыні “ўнізм” у мастацтве. Унізм – гэта ўніверсальнае выкарыстанне матэрыялаў у пабудове вобраза карціны. Мастак звяртаецца не толькі да фарбаў і палатна, а дадае шкло, метал, дрэва.
Менавіта ў такой тэхніцы і створаная карціна Барыса Цітовіча “Шлях з вайны ў мастацтва”. Уверсе – яркі пейзаж: неба, аблокі і каласы. Па словах Цітовіча, гэта фрагмент карціны Страмінскага.
Далей – шэра-карычневы фон, на якім размешчаныя галоўныя героі. Металічны прамавугольнік, што трымае на далоні Кацярына Кобра, – сапраўдны кавалак гранаты Першай сусветнай. Менавіта на гранаце гэтай мадэлі падарваўся на Валожыншчыне афіцэр Уладзіслаў Страмінскі. Такія прамавугольнікі “раскіданыя” па ўсёй карціне.
Барыс Цітовіч Шлях з вайны ў мастацтва.
Яшчэ ў гэтым творы Барыс Цітовіч выкарыстаў сапраўдны калючы дрот.
Па словах Барыса Барысавіча, плынь унізму блізкая яму. Ствараць карціны ў такім накірунку ён спрабаваў, яшчэ не ведаючы пра мастака Страмінскага. Эксперыментаваў з дрэвам і металам.
Старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава лічыць, што Уладзіслаў Страмінскі – фігура важная і значная для Вілейшчыны.
Менавіта ў Вілейцы, па словах жанчыны, ён пачаў ствараць свой вядомы цыкл малюнкаў “Заходняя Беларусь”. Сёння ля кінатэатра “Мір” стаіць скульптурная кампазіцыя – як ілюстрацыя з гэтага цыкла. Яна з’яўляецца адзіным помнікам мастаку на Беларусі.
Захаваўся і будынак, дзе ў 1923-1924 гадах мастак выкладаў малюнак. Сёння гэта Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. А ў 1920-я гады тут месцілася гімназія імя Генрыка Сянкевіча.
Даведка “РГ”
Уладзіслаў Страмінскі нарадзіўся 21 лістапада 1893 года ў Мінску ў сям’і вайскоўца і шляхціца.У 1904 годзе паступіў у кадэцкае вучылішча імя Аляксандра II у Маскве, якое скончыў у 1911 годзе. Тады ж паступіў у Ваеннае інжынернае вучылішча ў Санкт-Пецярбургу, якое закончыў у 1914 годзе з воінскім званнем інжынернага падпаручніка.
У час Першай сусветнай вайны прымаў удзел у ваенных аперацыях на тэрыторыі сучасных Польшчы і Беларусі.
У 1916 – 1917 вывучае гісторыю мастацтва. Працаваў у Смаленску і Вільні.
У 1923 – 1924 гадах жыў і працаваў у Вілейцы.
Увосень 1931 года Страмінскія пераехалі ў Лодзь, стварылі ў гэтым горадзе музей сучаснага мастацтва, аб’яднаўшы вакол сябе аднадумцаў.
У 1939 годзе Страмінскія зноў вяртаюцца ў Вілейку, дзе пражывуць амаль да лета 1940 года
У маі 1940-га Страмінскі, адчуўшы небяспеку ад магчымых савецкіх рэпрэсій, з сям’ёй вяртаецца ў Лодзь. Тут у 1951 годзе памёр і пахаваны.