Пасяджэнне адбываецца ў будынку суда Маладзечанскага раёна. На ім вызначаць наяўнасць ці адсутнасць працоўных адносін паміж загінулай дзяўчынкай і таварыствам “Усход-Агра”. Суддзя – Ігар Гарановіч. Прадстаўнік істца – Андрэй Стрыжак. Пракурор – Вольга Кошка.

У зале прысутнічаюць прадстаўнікі аддзела адукацыі Маладзечанскага райвыканкама, супрацоўнікі Інспекцыі па ахове працы, настаўнікі, работнікі таварыства “Усход-Агра”.

11:23. Настаўнікаў, якія з’яўляюцца сведкамі, просяць выйсці за дзверы. У якасці сведак выступаюць брыгадзір “Усход-Агра” і інспектар па кадрах.

11:30. Тлумачаць правы прысутных. Бацька Вікторыі Папчэні просіць дазволу прадстаўляць яго інтарэсы Юрыя Белякова.

11:40. Суддзя пытаецца ў Папчэні, што ён просіць у суда. Ён адказвае, што просіць устанавіць працоўныя адносіны. “Абгрунтаванне звароту ў суд?” – “Мне патлумачылі, што працоўных адносінаў няма. А я лічу, што яны былі” – “Чаму вы так лічыце?” – “Мая дачка працавала. І ім сказалі, што ўзнагароджанне за працу –  вядро бульбы” – “Хто дапусціў да працы?” – “Не ведаю. Дачка прыйшла і сказала, што заўтра едзе на бульбу” – “Якія юрыдычныя наступствы вы маеце на мэце, устанаўліваючы працоўныя адносіны?” – “Мяне задавальняюць вынікі расследавання. Я не хачу, каб пакаралі толькі настаўніка і кіроўцу”.

11:59. Андрэй Стрыжак хадайнічае аб фотаздымцы. Аддзел адукацыі і пракурор супраць. У здымцы адмоўлена.

12:00. СВК “Усход-агра” не прызнае іск.

12:16. Суд: “Каго вы чакалі ўбачыць, калі адправілі запыт у аддзел адукацыі?”

“Усход-агра”: “Работнікаў школ, самога аддзела адукацыі.”

Суд: “Ці ведалі, што накіруюць дзяцей?”

“Усход-агра”: “Не.”

12:27. Андрэй Стрыжак: “Якім чынам работнікі маглі ўзяць мяшок бульбы?” СВК “Усход-агра”: “Ёсць загад, што работнікі могуць узяць мяшок бульбы.”

Прадстаўнік прафсаюза РЭП Андрэй Стрыжак: “Ці лічыце вы гэта аплатай?”

СВК “Усход-агра”: “Не.”

Пракурор: “Ці агаворвалася, хто будзе дапушчаны да ўборкі бульбы?”

СВК “Усход-агра”:”Не, хто прыехаў, той і працаваў.”

12:40. Аддзел адукацыі: “Мы атрымалі ліст ад СВК “Усход-агра” аб дапамозе. Накіравалі ліст у школу, у якім рэкамендавалі накіраваць настаўнікаў і вучняў дзясятых класаў. Быў указаны тэлефон, па якім трэба было адзваніцца, каб сказаць, каго накіравалі.”

Суд: “У лісце было ўказана, што ён носіць рэкамендацыйны характар?”

Аддзел адукацыі: “Не.”

12:50. 13 кастрычніка адбылася судовая праверка, якую праводзіла кіраўніцтва адукацыі Мінскага аблвыканкама. Падчас яе знайшлі парушэнні пры правядзенні работ: работнікі школы і аддзела адукацыі не забяспечылі належны кантроль. Камісія лічыць, што працоўныя адносіны былі, і папрасіла аб спецрасследаванні і каб выпадак прызналі вытворчым.

12:58. Суд: “Хто дапусціў да працы Вікторыю Папчэню?” Аддзел адукацыі: “Адміністрацыя сярэдняй школы №11; намеснік па выхаваўчай рабоце, які фарміраваў спісы вучняў.”

13:07. У плане выхаваўчай работы сярэдняй школы №11 значыцца акцыя “Дапамажы сабраць ураджай”.

13:20. Андрэй Стрыжак да аддзела адукацыі: “Вы гаворыце, што ліст насіў рэкамендацыйны характар, а ў ім напісана “неабходна накіраваць”. Калі б гэта было абавязкова да выканання, там было б слова “абавязаны”. Вы спасылаецеся ў лісце на распараджэнне райвыканкама, дзе аддзел адукацыі не ўказаны. Гэта ваша ініцыятыва як аддзела адукацыі?”

Аддзел адукацыі: “Так”.

13:43. Андрэй Стрыжак намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце: “Ці ведаеце вы пра ўзрост Вікі?” Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце: “Не.”

13:53. Суд пайшоў на нараду. Абвяшчэнне пастановы суда праз 15 хвілін.

14:50. Працягнулі судовае разбіральніцтва. Выклікаюць сведак. Паказанні дае намеснік дырэктара Галіна Пішчык. Яна падпісала загад пасля трагедыі, 29 верасня, калі ў школе працаваў абласны аддзел адукацыі.

15:06. Школа сабрала на пахаванне 11 мільёнаў. Аплацілі пахаванне і памінальны стол у сталовай. Пайшлі выбачацца перад бацькамі.

16.02. Без 15 чатыры ў зале суда Галіна Пішчык усё яшчэ працягвала даваць паказанні. Па тэхнічных прычынах мы абвясцім толькі рашэнне суда. Сачыце за абнаўленнямі.