Яшчэ не так даўно можна было толькі марыць пра тое, што было б, напэўна, крута, каб машыну можна было паставіць на ноч на зарадку, а назаўтра ехаць на ёй куды хочаш.

А цяпер? Такія машыны з будучыні ўжо ездзяць па Маладзечне. Гэты цуд тэхнікі завецца электрамабілем.

Пра тое, якія перавагі ёсць у такой машыне, дзе ўзяць зарадку для яго, на колькі такі аўтамабіль зэканоміць сямейны бюджэт, мы пагутарылі з гаспадаром электрамабіля – Мікалаем.

Мікалай, як герой фільма “Масква слязам не верыць” Рудольф, той што працаваў на тэлебачанні,  сцвярджае, што хутка не будзе ні бензінавых машын, ні тых, што працуюць на салярцы, застануцца адны электрамабілі.

Ездзіць Мікалай на машыне “Нісан-Ліаф”. Машына 2013 года выпуску. Пасябраваў Мікалай з ёй у маі гэтага года і развітвацца пакуль не плануе.

– Выбраў я яе толькі ў мэтах эканоміі, як машыну для горада. Мой Нісан – гэта другая машына ў сям’і. Для далёкіх паездак ёсць звычайны аўтамабіль.

Электрамабіль на адной зарадцы праязджае прыкладна 160 кіламетраў.

– Летам дакладна праязджае 160 кіламетраў, зімой, калі ўключаная печка, ён цягне кіламетраў 120.

Калі машына разра­джаецца, яна пачынае непрыемна пішчаць, нагадвае пра сябе, што яе трэба “пакарміць”.

А як толькі падключаеш яе да разеткі, адразу загараецца індыкатар зарадкі.

Ну, усё як у мабільніку!

Самы вялікі недахоп у такой машыне, расказвае Мікалай, гэта адсутнасць магчымасці зара­дзіць яе як у горадзе, так і на трасе.

– Бліжэйшая зарадка для электрамабіля знаходзіцца ў Шараях, што непадалёк ад Валожына на гродзенскай трасе.

У Маладзечне зарадкі для электрамабіляў пакуль няма.

Таму гаспадару машыны  даводзіцца “запраўляцца” дома.

– Я не разраджаю батарэю на нуль. Як толькі бываю дома, стаўлю машыну на гадзіну-дзве на зарадку. Добра, што жыву ў прыватным доме, ёсць магчымасць зара­джацца ў двары. Гаспадарам кватэр у гэтым плане, вядома, больш цяжка. Адзінае выйсце, зараджаць аўто ў гаражы.

Калі ж батарэя ў электрамабілі цалкам разраджаная, то яе можна зарадзіць за восем га­дзін. На запраўках жа магутнасць іншая.  Машына цалкам зарадзіцца за паўгадзіны.

А калі гаварыць пра эканомію ў лічбах, то Мікалай падлічыў.

Машына праязджае пяць кіламетраў на адным кілаваце электраэнергіі. Атрымоўваецца, што на 100 кіламетраў машына расходуе 20 кілават. А калі ведаць, што адзін кілават каштуе прыкладна 10 капеек, то нескладана падлічыць, што на 100 кіламетраў машына абыхо­дзіцца ў два рублі.

Калі гэтыя грошы перавесці ў бензін, атрымоўваецца, што машына расходуе адзін літр паліва на 100 кіламетраў.

Эканамічны цуд, не інакш!

Электрамабіль ад звычайнага аўто знешне адрознівацца хіба толькі тым, што ў яго няма выхлапной трубы.

А ў салоне мяне здзівіла тое, што машына заводзіцца не ключом, а кнопачкай POWER, быццам ты ўключаеш тэлевізар.

Эканомны электрамабіль яшчэ і таму, што з усіх “расходнікаў” у ёй трэба мяняць толькі аліву ў рэдуктары. Ні рэменя, ні ланцугоў, ні алівы ў такой машыне няма.

– Я на сваёй машыне яшчэ не праверыў, але чытаў, што батарэя ў электрамабілях разлічаная на 500 – 800 тысяч кіламетраў. Калі гэта інфармацыя дакладная, то на 10 гадоў такой машыны хопіць.

Каштуе электрамабіль прыкладна столькі, колькі каштуюць іх бензінавыя аналагі.

Цэны на той жа  “Нісан-Ліаф”  пачынаюцца ад 4000 долараў.

Прадпрымальнік з Маладзечна Мікалай Кубіцкі, які займаецца продажам электрамабіляў, расказаў “Рэгіянальнай газеце”, што апошнім часам усё больш людзей аддаюць перавагу экалагічным і эканамічным машынам.

– На сённяшні дзень каля 80% аўтамабіляў, што мы возім з ЗША, – гэта электрамабілі. Беларусы аддаюць перавагу больш танным мадэлям: яны набываюць “Нісаны”, “Міцубісі”, “Форды”, “Шаўрале”, расіяне ж выбіраюць БМВ. Прывозіў я ў Расію і знакамітую “Тэслу”. Ведаю мінімум дваіх уладальнікаў электрамабіляў, якія ездзяць па Маладзечне.

Сам Мікалай быў першым чалавекам у краіне, хто ў 2014 годзе сабе прыгнаў электрамабіль.

– Было цікава, што за ён. Купіў, пагуляўся і прадаў яго. Сам цяпер езджу на гібрыдным аўтамабілі.

Пра перавагу і недахопы гібрыдных машын, мы раскажам у адным з наступных нумароў газеты.