Жыхары інтэрната па вуліцы Галіцкага, 12 адмаўляюцца плаціць заробак вахцёрам сваімі грашыма.

Загадчыца інтэрната пагражала выселіць тых, хто не падпіша адпаведны дагавор.

Тады жыхары дома склалі калектыўны ліст у адміністрацыю Прэзідэнта, куды прыклалі фотаздымкі таго, што яны карыстаюцца паламанымі кранамі, а ў памяшканні сушылкі сцены пакрытыя цвіллю. 

У адказ на ліст дырэктар унітарнага прадпрыемства “Камунальнік” Мікалай Наздрын-Платніцкі сабраў жыхароў ў ЖРЭУ-2, каб патлумачыць сітуацыю.

Пра гэта нам у рэдакцыю паведаміла жыхарка аднаго з пакояў інтэрната.

– Абараніце нас, калі ласка. Напішыце пра сустрэчу, а то нас падмануць і вырашаць за нас, – паскардзілася жанчына ў трубку. 

Мікалай Надзрын-Платніцкі ў самым пачатку сустрэчы абвясціў, што яна будзе мець інфармацыйны характар.

На балансе “Камунальніка” цяпер 21 інтэрнат, або 103 тысячы квадратных метраў жылой плошчы.

Ён патлумачыў, што сёлета дзяржава выдаткавала на рамонт інтэрната 4 600 мільярдаў рублёў старымі.

– Гэта я кажу да пытання сумлення. Тое, што было зроблена да вас, вы губіце да апошняга. Я кажу пра скручаныя краны, пра дзіркі ў пластыкавых дзвярах.

Страты ад утрымання інтэрнатаў у 2016 годзе для “Камунальніка” склалі 8 800 мільярдаў рублёў.

У тым ліку і для таго, каб захаваць агульную маёмасць, “Камунальнік” бачыць сэнс утрымання вахцёраў.

У дагаворы прапісана, што раз на месяц на тое, каб выплачваць заробак вахцёрам, кожны гаспадар пакоя будзе плаціць 57 капеек на  квадратны метр ад той плошчы, якую займае.

– Вы абараняеце свае грошы, я абараняю свае, – кажа Мікалай Наздрын-Платніцкі. – Я не настойваю абавязкова на вахцёры, вы можаце выбраць і дамафон, але я прывяду прыклад, як вахцёр выратавала ад крадзяжу пральную машыну, якую зладзеі ўжо паставілі на падваконне, каб вынесці з інтэрната. Як вахцёр выратавала жыццё чалавеку, які заснуў з цыгарэтай.

– Дык наша вахцёрка не падымаецца з крэсла, мы самі за сабой і святло выключаем, і ваду ў кранах, калі цячэ, перакрываем, – выкрыкнулі з залы.

– Значыць, мы прымусім яе падымацца, – адказаў дырэктар “Камунальніка”.

Аднак, калі палічыць, то ўтрыманне вахцёраў можа каштаваць некаторым жыхарам да 400 тысяч старымі грашыма ў месяц, бо ёсць сем’і, якія займаюць 33, 45 і нават 70  квадратных метраў жылля.

– За такія грошы спецназаўца з аўтаматамі можна наняць ахоўваць, – чуецца рэпліка з залы.

– Не хочаце вахцёра, – адказвае Мікалай Наздрын-Платніцкі, – тады прапанова. У мяне ёсць тры інтэрнаты, там дзе няма вахцёраў. Першы на вуліцы Першамайскай. Праўда, там няма гарачай вады. Другі – па вуліцы Велікасельскай. 21 стагоддзе, а там пячное ацяпленне. Калі ласка, пішыце заяву, пераселім туды.

Жыхары інтэрната прапанавалі разлічыць ім кошт дамафона, калі яго ўсталяваць замест вахцёраў. Прасілі патлумачыць ім, што значыць радок тэхнічнае абслугоўванне і капітальны рамонт.

Прадстаўнікі ўлады патлумачылі, што тэхнічнае абслугоўванне – гэта бяспечнае пражыванне, гэта падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона.

А  за грошы, якія жыхары адлічваюць на капітальны рамонт – у канцы года ў бюджэце збіраюцца прыкладна 22 мільярды рублёў старымі, – можна капітальна адрамантаваць чатыры дзевяціпавярхоўкі.

Пыталіся жыхары і пра тое, што ўваходзіць у абавязкі вахцёра. І прыгадалі выпадак, калі па інтэрнаце разгульвалі нецвярозыя людзі, вахцёрка пабаялася ім штосьці сказаць, сама хавалася.

Таму жыхары прапанавалі варыянт – самім размеркаваць дзяжурства паміж сабой.

Мікалай Наздрын-Платніцкі прапанаваў за 10 дзён жыхарам вызначыцца з тым, ці будзе інтэрнат ахоўваць вахцёр, ці дастаткова будзе паставіць дамафонныя дзверы. 

Наступная сустрэча адбудзецца ў пачатку снежня.