Папярэдняя інфармацыя праваабаронцаў аб выкананні смяротнага прысуду ў дачыненні да віляйчаніна Генадзя Якавіцкага пацвердзілася. Яго расстралялі ў мінскім СІЗА №1 разам з Іванам Куляшом і Сяргеем Хмялеўскім 5 лістапада 2016 года.

Сваякі расстралянага перадалі каардынатару кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакаранння ў Беларусі” Андрэю Палудзе дакумент з Мінскага абласнога суда, які падцвярджае гэтую інфармацыю:

“Паведамляем, што прысудам Мінскага абласнога суда ад 5 студзеня 2016 года Ваш бацька Якавіцкі Генадзь Генадзьевіч асуджаны па ч.3 арт, 174, п.п. 6, 12 арт. 139 КК да выключнай меры пакарання – смяротнай кары – уступіў у законную сілу 8 красавіка 2016 года і прыведзены ў выкананне 5 лістапада 2016 года.”

Прысудам Мінскага абласнога суда ад 5 студзеня 2016 года Генадзь Якавіцкі, неаднаразова судзімы, прызнаны вінаватым у забойстве сваёй сужыцелькі, учыненым з асаблівай жорсткасцю. Раней ён быў судзімы за забойства, ухіленне ад выплаты аліментаў. На падставе п.п. 6 і 16 ч. 2 арт. 139 КК Рэспублікі Беларусь яму прызначанае смяротнае пакаранне. Калегія Вярхоўнага суда 8 красавіка не задаволіла апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Вілейкі Генадзя Якавіцкага.

spring96.org