26 лістапада ля латыгальскай царквы на Вілейшчыне ўсталявалі інфармацыйны стэнд.
Мерапрыемства зладзілі сябры таварыства “Ахова помнікаў Беларусі” імя Аляксея Лужынскага і кіраўнік таварыства Дзяніс Канецкі. Ініцыятыву падтрымаў краязнаўца, пісьменнік і гісторык Аляксандр Плавінскі, які сам паходзіць з Латыгалі. Ён стаў спонсарам праекта, а таксама напісаў тэкст для стэнда.
На мерапрыемстве былі мясцовыя жыхары, госці з Мінска і Маладзечна.
На працягу некалькіх гадоў сябры таварыства ладзяць падобныя праекты. Усталяванне інфармацыйнага стэнда ля латыгальскай царквы – ужо 11-ы па ліку праект на Вілейшчыне.
Нягледзячы на дрэннае лістападаўскае надвор’е на мерапрыемства прыйшло шмат людзей. Акрамя мясцовых жыхароў прыехалі неабыякавыя да гісторыі людзі з Мінска, Маладзечна, суседняй Вязыні. Былі таксама госці з Украіны.
Аўтарам тэксту стэнда стаў Аляксандр Плавінскі.
– Я вельмі ўдзячны ўсім, хто прымаў удзел ва ўсталяванні стэнда і спадзяюся на тое, што работа па захаванні гістарычнай спадчыны нашай малой радзімы, Вілейшчыны, будзе працягвацца, – расказаў журналістам “РГ” Аляксандр Плавінскі.