Аляксандр Шыдлоўскі і Віктар Роўда. Анатоль Бяляўскі і Ала Страшынская. Уладзімір Церабун і Уладзімір Някляеў. У Смаргонскім краязнаўчым музеі прыгадалі гэтыя вядомыя імёны на імпрэзе, прысвечанай землякам-юбілярам.

115 год, прыгадалі вядучыя, споўнілася сёлета з дня нараджэння Аляксандра Дзяругі – самадзейнага музыканта, які звязаў свой лёс са Смаргоншчынай. Прафесійнай адукацыі музыкант не меў, але іграў на гітары, цымбалах, балалайцы, магдаліне. Сёння ў Смаргоні ёсць вуліца Аляксандра Дзяругі і мемарыяльная дошка, выкананая яшчэ адным таленавітым смаргонцам – Уладзімірам Церабуном.

Аўтар вядомай беларускай песні “Колькі ў небе зор” Аляксандр Шыдлоўскі нарадзіўся на тэрыторыі сённяшняга Смаргонскага раёна ў вёсцы Мінкі 105 год таму.

Грамадска-палітычную дзейнасць ён спалучаў з музычнай і літаратурнай творчасцю. Аляксандр Шыдлоўскі – ганаровы грамадзянін Смаргоні і Гродна. Песню “Колькі ў небе зор” выканала Тамара Ваўчанкова.

А ведаеце каго са смаргонцаў за мяжой і на радзіме называлі пастар, доктар і артыст? Віктара Роўду. Ён нарадзіўся ў Смаргоні ў 1921 годзе ў сям’і мясцовага святара. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю, літоўскую дзяржаўную кансерваторыю і Віленскі  медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “хірург”.

 Працаваў хормайстрам і дырыжорам Дзяржаўнай акадэмічнай капэлы Беларусі, кіраўніком акадэмічнага хору беларускага радыё і тэлебачання, выкладаў у акадэміі музыкі. У апошнія гады шмат уласных грошай ахвяраваў на храм у Смаргоні, дзе некалі служыў яго бацька.

Недалёка ад музея Францішак Багушэвіч заклікае нас не забываць родную мову.

Недалёка ад музея Францішак Багушэвіч заклікае нас не забываць родную мову.

Гледачы паглядзелі фрагмент фільма “Мая васьмідзесятая восень” пра жыццё і творчасць таленавітага смаргонца.

Уладзімір Някляеў. Паэт, палітык, член Саюза беларускіх пісьменнікаў, лаўрэат шэрагу літаратурных прэмій. Сёлета 11 ліпеня ён святкаваў сваё 70-годдзе. Супрацоўнікі музея падрыхтавалі выставу кніг земляка, прыгадалі яго дасягненні. Уладзімір Някляеў – аўтар слоў шматлікіх беларускіх песень. Адну з іх, “Гуляць дык гуляць”, выканаў спявак Максім Пашук.

А пасля надышоў той час, калі выступалі самі юбіляры. Паэтка і журналістка Ала Страшынская (Клемянок) нарадзілася ў Маладзечне. Тут вучылася ў сярэдняй школе №3, працавала на заводзе “Электрамодуль”. Паэтка прыгадала, што  любоў да беларускай мовы ў яе з дзяцінства. З таго часу, калі гадавалася ў вёсцы бабулі, якая размаўляла толькі па-беларуску.

Сам Уладзімір Някляеў на імпрэзе не прысутнічаў. Аднак на выставе былі яго кнігі.

Сам Уладзімір Някляеў на імпрэзе не прысутнічаў. Аднак на выставе былі яго кнігі.

 – Для мамы сапраўдная трагедыя была, – успамінала паэтка. – Мяне трэба ў школу ў Маладзечне аддаваць, а я ні слова па-руску не разумею. А апошняя беларускамоўная школа ў Маладзечне на той час зачынілася.

Да рускай мовы дзяўчынка прывыкла хутка. А беларускую, як ёй падавалася, ужо і забываць пачала, стала пісаць рускія вершы. А тут у яе жыцці з’явіўся таленавіты гісторык, на той час дырэктар музея ў Маладзечне Генадзь Каханоўскі, які параіў пісаць па-беларуску. З таго часу і да сённяшняга дня з-пад пяра творцы выходзяць вершы на роднай мове.

Музычны калектыў Кантабіле адкрыў імпрэзу спевамі. Фота Аксаны Ярашонак.

Музычны калектыў Кантабіле адкрыў імпрэзу спевамі. Фота Аксаны Ярашонак.

Паэтка не толькі складае вершы. Яшчэ піша музыку. На імпрэзе яна праспявала песню “Птушка вечнасці – душа” на словы паэта Мар’яна Дуксы. Ён, дарэчы, таксама жыве на Смаргоншчыне, у вёсцы Солы.

Ісціну пра тое, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім пацвердзіў Уладзімір Церабун – мастак, скульптар, музыкант, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Шмат скульптур, зробленых майстрам, упрыгожваюць родны горад. У тым ліку і вядомая “Мядзведжая акадэмія”.

У свой час Уладзімір Церабун скончыў школу №1 у Смаргоні. Тут, дарэчы, ён вучыўся ў адным класе і сядзеў за адной партай з Уладзімірам Някляевым.

Скульптар, музыкант, мастак Уладзімір Церабун. Фота Аксаны Ярашонак.

Скульптар, музыкант, мастак Уладзімір Церабун. Фота Аксаны Ярашонак.

Па словах скульптара, на музычных інструментах ён цяпер іграе не часта. Але для прысутных ён усё ж выканаў музычныя творы на балалайцы.

Віншавалі вядомага скульптара не толькі вядучыя. На імпрэзу з цёплымі пажаданнямі і словамі падзякі за прыгожыя скульптуры ў родным горадзе прыйшлі вучні першай школы.

Фота Аксаны Ярашонак.

Фота Аксаны Ярашонак.

Карціны Уладзіміра Церабуна аздабляюць музей у Смаргоні. А побач творы яшчэ аднаго мастака Анатоля Бяляўскага. Сёння ён жыве ў Мінску, але пра малую радзіму, Смаргоншчыну, не забывае. Тут у раннім узросце пачаў займацца лепкай і маляваннем. Сёння ў творчасці мастака шмат прац, прысвечаных Смаргоншчыне і яе жыхарам.