Таму самы час пачаць рыхтаваць лодкі  і планаваць сваё лета такім чынам, каб не прапусціць юбілейны сплаў па Віліі, які будзе прысвечаны 160-годдзю падарожжа Канстанціна Тышкевіча. 

Яшчэ вясной прэзідэнт Саюза падарожнікаў Літвы Альгімантас Юцэвічус  падчас навуковай канферэнцыі па Павіллі сказаў:

 –  Думаю, што сёння даецца старт, каб на наступны год паўтарыць экспедыцыю, бо споўніцца 160 год падарожжа па Віліі Канстанціна Тышкевіча.

І вось віляйчанін  Міхаіл Петух,  які з 2009 года падхапіў і прадоў­жыў  справу Віталя Кастэнкі  па арганізацыі і  правядзенні экспедыцыі “Шляхам Тышкевіча”,  нарэшце  даслаў  сябрам доўгачаканае паведамленне:

– Сябры! Калі будзеце планаваць графік адпачынкаў, звярніце ўвагу на тое, што юбілейная  міжнародная  беларуска-літоўская экспедыцыя “Шляхам Тышкевіча” да 160-годдзя вандроўкі графа Тышкевіча па Віліі-Neris адбудзецца ад 2 да 20 чэрвеня 2017 года ад вёскі Камена Вілейскага раёна да горада Каўнаса. Рэжым руху спартыўны, пераважна на байдарках. Праграма сплаву пасля ўзгаднення з літоўскім бокам і афіцыйнага зацвярджэння будзе размешчаная на сайце vedzen.narod.ru. Рэгістрацыя ўдзельнікаў пачнецца з сакавіка.

Да юбілейнага  сплаву па Вяллі застаецца менш за  190 дзён.

Было б няблага, каб  аматары вандровак, здаровага ладу жыцця  і гісторыі  ў першаю чаргу  з нашага  рэгіёна,  дзе працякае Вялля (а гэта Докшыцкі, Лагойскі, Вілейскі, Маладзечанскі, Смаргонскі, Астравецкі раёны), далучыліся да гэтага грандыёзнага мерапрыемства.

І зусім неабавязкова праходзіць увесь маршрут, хаця б, каб новыя сябры змаглі далучыцца на дзень-два да сплаву асноўнай групы. 

Вельмі будзем рады сустрэць на рацэ  як старых сяброў  з Мінска, Гомеля, Масквы, Літвы і  Польшчы, якія прымалі ўдзел у ранейшых экспедыцыях, так і набыць новых сяброў.   

Запрашаем  да  ўдзелу  ў сплаве па Вяллі усіх ахвотных.