Дачка Героя Савецкага Саюза жыве ў аднапакаёўцы ў Вілейцы. Пераехала сюды, каб напісаць кнігу пра сваю сям’ю. Прадала кватэру ў Мінску, каб на розніцу ў цэнах купіць камп’ютар і жыць: пенсіі на гэта не хапала. Тры гады пісала ўспаміны, пасля столькі ж спрабавала выдаць. Урэшце дапамаглі аршанскія чыгуначнікі: кніга “Фамілія” выйшла.

Лынькоў прыдумаў усё, апроч прозвішча

Пра Канстанціна Заслонава пісалі шмат. Але не ўсё было праўдай. Міхась Лынькоў, напрыклад, у рамане “Векапомныя дні” ад рэальнай асобы пакінуў выключна прозвішча  астатняе па-мастацку прыдумаў.

Прыходзіў да нас пасля, выбачаўся. Тлумачыў, што атрымаў заданне партыі ў сціслыя тэрміны напісаць раман пра народнага героя: часу не было высвятляць справы сямейныя,  успамінае Муза Канстанцінаўна. Лынькоў выдумаў каханне Заслонава да настаўніцы. І сапраўдная жонка Раіса, прачытаўшы, засумнявалася: а раптам нешта і сапраўды было?

“НН”: А падставы для рэўнасці бацька даваў?

МЗ: Не. Так шчыраваў на працы, што не было часу на гулі. Ён баяўся беспартыйны і ўвесь час жыў на мяжы арышту. Яго не прымалі ў партыю, паколькі бацька быў раскулачаны. І яму трэба было працаваць як праклятаму, каб давесці сваю адданасць. Бо пры любой аварыі на чыгунцы, а іх было шмат, адразу дапытвалі беспартыйных.

А ў Навасібірску быў выпадак, калі тату ледзь не забілі. Ён вылічыў бандытаў, якія хлебныя эшалоны рабавалі. Іх пасадзілі, але, відаць, не ўсіх — і бацьку вырашылі адпомсціць. Калі позна вяртаўся з заняткаў па павышэнні кваліфікацыі, яму некалькі разоў усадзілі фінку пад сэрца. На шчасце, у кішэні на грудзях ляжалі нейкія чарцяжы, брашуры. Да сэрца фінка не дастала. Пасля гэтага яго перавялі на павышэнне ў Віцебск.

Дыверсант-разведчык

Затым была праца ў Раслаўлі, Оршы. З Оршы меркавалі пераехаць у Ленінград. Жонка з дочкамі паехала, Заслонаў застаўся чакаць афіцыйнага выкліку  звольніцца самому было немагчыма. І тут пачалася вайна.

Заслонаў эвакуіраваўся ў Маскву. Нават сямейнікі не ведалі, што ён яшчэ перад вайной скончыў школу разведчыкаў-дыверсантаў. Яго з Масквы вярнулі ў Беларусь. Быў у партызанах, пасля ўладкаваўся ў дэпо, пад выглядам вугалю падкладаў бомбы ў паравозы. Калі арышт стаў непазбежным, вярнуўся ў партызаны…

Пра смерць таты мы даведаліся выпадкова. Былі ў эвакуацыі ў Бугуруслане (Арэнбургская вобласць). І мама аднойчы, у пачатку 1943, забягае і крычыць: “Пра нашага тату ў газеце напісалі!” Ёй перадалі нумар “Известий” з нарысам Эдуарда Віленскага. Нарыс заканчваўся апісаннем смерці і пахавання бацькі…

Маме цяжка было з дзвюма дочкамі. У вайну мы пераехалі да яе брата ў Алма­Ату, пасля адправіліся ў Выбарг… У галаву нават не прыходзіла паехаць у Беларусь. Тым больш, бацька быў рускім  з­-пад Цверы.

Калі адмянілі карткі, пачалася галадуха. А мама шыла добра. І напісала дзядзьку Мішу Пілайнену, у якога ў Ленінградзе пакінулі свае рэчы, каб ён выслаў нашую швейную машынку. А ён адказаў, каб мы хутчэй у Беларусь прыязджалі  нас шукаюць.

“Жонка Заслонава? Гані!”

Дзядзя Міша Пілайнен настаяў, каб мама схадзіла да Васіля Казлова, старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У прыёмнай яна пачула, як сакратарка кажа: “Прыйшла жонка Заслонава”.  “Як, яшчэ адна? Гані, надакучылі!” Мама расплакалася. А сакратарка кажа: “Не, гэтая сапраўдная”.  “Сапраўдную я пазнаю”. Казлоў выйшаў і абняў: «Слухай, якія да мяне толькі ні прыходзілі, выдавалі сябе за жонак Заслонава”. І адразу пастанавілі будаваць нам домік. Як кампенсацыю, што нас так пакрыўдзілі з ілжэсем’ямі, Казлоў узяў маму на працу сакратаркай.

Жыла ў татавым музеі

Я пасля школы хацела паступаць ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі  марыла стаць актрысай. Але мама не дазволіла. У майго айчыма Івана Сяргеевіча дачка спрабавала паступіць туды ж. Але не прайшла, а бацьку паведаміла, што паступіла і прасіла высылаць грошы. І вяла разгульны лад жыцця. Айчым вырашыў, што і я так буду рабіць. Пайшла на журналістыку ў БДУ. А ўжо другі дыплом я атрымала ў Інстытуце кінематаграфіі  кінажурналістыка.

Пасля БДУ папрасіла, каб мяне скіравалі на працу ў музей Заслонава ў Оршу. І жыла ў музеі. Толькі месяцы тры і вытрывала: мне падабалася працаваць з людзьмі, а там даводзілася сядзець за паперкамі. І неяк уначы я прачнулася, падышла да татавага партрэта і выбачылася, што надумала пакінуць музей. Але дала клятву, што ствару пра яго штосьці.

“НН”: У кіно рэалізаваліся?

МЗ: Мо пяцьдзясят дакументальных фільмаў зняла. Але гэта кароткаметражныя стужкі. Я ганаруся фільмам “Бацька” пра свайго тату. Я яго доўга прабівала, а пасля мяне “білі”. У 1972 гэта быў адыход ад традыцый. Нехта нават казаў, што я прынізіла свайго тату.

Індыйскі рэжысёр і прынц афганскі

У 1970-я мяне запрасілі да сябе балгарскія сябры. Мы ездзілі па ўсёй краіне, нават да сляпой празорцы Вангі. Нам дапамаглі трапіць да яе без чаргі. У невялікім мястэчку Петрыч, на мяжы з Грэцыяй,  цэлы палявы лагер. У “жывой” чарзе стаялі па некалькі сутак, начавалі ў палатках, ежу гатавалі на вогнішчы.

Ёй перад сустрэчай патлумачылі, хто я. Яна кажа: усё ў цябе будзе добра, будзеш мець грошы, кватэру, машыну, фільмы будзеш здымаць дома і за мяжой, але побач нікога не бачу  адна заўсёды будзеш. Апошняе толькі і збылося…

“НН”: Але ж раманы былі?

МЗ: Калі вучылася ў БДУ, мне здавалася, што хлопцы мяне не заўважаюць. Я насіла акуляры — тады гэта лічылася ледзь не інваліднасцю. Пазней мой аднакурснік Іван Пташнікаў (са мной вучыліся таксама Іван Чыгрынаў і Вячаслаў Адамчык) казаў, што яны да мяне заляцаліся, а я была фанабэрыстай, маўляў, не адказвала ім. А ў мяне склаўся комплекс, што я непрыгожая.

Адзін раман быў сур’ёзны. Парыкшат Сахні з Індыі… Мы разам вучыліся ў ВГІКу. Мяне папрасілі пазаймацца з Парыкшатам рускай мовай. І я закахалася. Наш інстытут быў прагрэсіўным, не асуджаў, калі нехта сустракаўся з замежнікам. Каб паказаць сваё каханне, я аднаго разу цыгарэтай тройчы прыпаліла далонь левай рукі. Ён зрабіў тое самае. Парыкшат быў першым чалавекам, які сказаў, што я прыгожая. Даў адчуць, што мяне можна кахаць.

Але бацька, калі пасылаў яго ў Маскву, папярэдзіў, каб не заводзіў раманы з мясцовымі дзяўчатамі. У бацькі было хворае сэрца, і Парыкшат абяцаў за канікулы яго падрыхтаваць да вяселля… Толькі пасля канікулаў мы нават не віталіся. Гэта была здрада.

Я ў інтэрнэце чытала, што Парыкшат стаў рэжысёрам у Балівудзе… Гэта, напэўна, маё першае і апошняе каханне.

“НН”: А раман з прынцам Афганістана?

МЗ: Так, Абдула! Але гэта было неяк несур’ёзна. У тыя часы прынц не лічыўся чымсьці адметным, наадварот… Афганцы звычайна былі такімі неакуратнымі. А Абдула быў іншым, меў доўгія музычныя пальцы. Прыходзіў да нас у інтэрнат і прыносіў цікавыя пласцінкі. Я падабалася яму. Але ён папярэдзіў, што ажаніцца не зможа  дома заручаны. Прапанаваў купіць кватэру ў Маскве і жыць разам. Я абурылася: як савецкай жанчыне можна прапаноўваць стаць наложніцай!

Куба – любоў мая

Праз пару месяцаў збіраюся паляцець назаўсёды на Кубу. Я лічу, што выканала сваю клятву: зняла фільм пра тату, напісала кнігу. Цяпер магу дазволіць сабе і нешта несур’ёзнае. Задумала пісаць раман пра Атлантыду, і патрэбны антураж. Калі ўдасца напісаць  выдатна. А не  нічога страшнага: пайду ў пасольства і папрашу вярнуць мяне назад. Як і мама, пайду ў дом састарэлых. Мая мама дажывала ў інтэрнаце ў Ждановічах, ёй падабалася там. У яе і кавалеры там былі.

* * *

Муза Заслонава

Нарадзілася ў 1933 у Хабараўскім краі. Скончыла журфак БДУ (1957) і ВГІК (Масква) (1966). Рэжысёр­дакументаліст. Зняла фільмы “Салдаты крэпасці”, “Бацька”, “Школьныя акварэлі”, “Гарачы подых Поўначы”. Выдала кнігу ўспамінаў “Фамілія” (Мінск, 2011). Памерла ў Вілейцы ў 2016 годзе.

Канстанцін Заслонаў

Псеўданім Дзядзька Косця. Герой Савецкага Саюза (пасмяротна). Нарадзіўся у 1910 у горадзе Асташкаў Цвярской вобласці. Працаваў на чыгунцы ў Расіі і Беларусі. Падчас нямецкай акупацыі ўладкаваўся ў аршанскае дэпо. За тры месяцы падарваў 93 паравозы. Пад пагрозай арышту сышоў у партызаны. Загінуў у 1942 у баі каля в. Купаваць Сенненскага раёна. Перапахаваны ў Оршы.

Наша Ніва