Пытанне аб унясенні ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва Будслаўскага фэсту – свята католікаў Беларусі ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай – адкладзенае.

Пра гэта стала вядома па выніках сесіі Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, якая праходзіла ў Адыс-Абебе ў Эфіопіі 28 лістапада-2 снежня.

Дасье будзе разгледжанае ў наступным намінацыйным цыкле ў сувязі з заўвагамі экспертнага савета, які запатрабаваў дадатковую інфармацыю, у прыватнасці, аб мерах па ахове традыцыі. Таксама эксперты папрасілі больш падрабязна раскрыць ролю пілігрымаў і мясцовых жыхароў у інвентарызацыі і захаванні гэтай культурнай каштоўнасці. Нагадаем, у Будславе – мястэчку ў Мядзельскім раёне Мінскай вобласці – штогод у пачатку ліпеня збіраюцца тысячы пілігрымаў, многія з якіх прыходзяць пешшу з розных куткоў Беларусі, для ўдзелу ў свяце ў гонар Панны Марыі.

Акрамя Будслаўскага фэсту, у наступны раз Беларусь прадставіць да занясення ў спіс таксама старадаўні абрад “Юраўскі карагод”, які мае як паганскія, так і хрысціянскія карані і праходзіць у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці, паведамляе беларуская прэса.

Сярод намінантаў, якіх у гэты раз ўнеслі ў спіс, – культура піва ў Бельгіі, свята агню Фальяс у іспанскай Валенсіі, фестываль румбы на Кубе, святкаванне Новага года ў Афганістане, Азербайджане, Індыі і іншых азіяцкіх краінах.

“Наша Ніва” паводле .