Актывісты зарэгістраванай у Латвіі грамадскай арганізацыі “Альтэрнатыва” правялі ў Маладзечне акцыю супраць прымусовай працы школьнікаў. Яна адбылася ў Дзень барацьбы за адмену рабства, які адзначаецца штогод 2 снежня.

Акцыя прайшла каля Маладзечанскага райвыканкама. Актывісты разаслалі перад уваходам дыван і патрабавалі, каб выйшаў адказны за прымусовую працу школьнікаў і студэнтаў.

Як патлумачыў кіраўнік “Альтэрнатывы” Алег Корбан, акцыя прайшла ў Маладзечна, таму што два месяцы таму там падчас сельскагаспадарчых прац загінула 13-гадовая школьніца.

Акцыя доўжылася 40 хвілін. Удзельнікаў здымалі на камеры супрацоўнікі МУС у цывільным.

– Мы перадалі нашы патрабаванні старшыні Маладзечанскага райвыканкама і будзем спадзявацца, што яны будуць улічаныя, – дадаў Корбан.