– Нягледзячы на асенне-зімні перыяд, вялікіх чэргаў ля майго кабінета цяпер няма, − кажа маладзечанскі ўчастковы тэрапеўт Настасся Пупко. – Цягам дня прымаем каля трыццаці чалавек.
Карыстаемся момантам, пакуль у доктара ёсць час, і перадаём пытанні ад чытачоў “Рэгіянальнай газеты” ў рукі спецыяліста.
Маладзечанскі ўчастковы тэрапеўт Настасся Пупко.
“Не спрабуйце падняць гемаглабін гематагенкамі!”
– Калі сутыкаешся з прастудай і ідзеш у аптэку па парашкі, вочы разбягаюцца. А ці адрозніваюцца гэтыя парашкі па сваім дзеянні?
– Састаў усіх парашкоў прыкладна аднолькавы. У большасці з іх у саставе будзе парацэтамол і вітамін С. Таму нейкія асабліва моцныя і дзейсныя сярод іх я не магу вылучыць, яны дзейнічаюць аднолькава. Каб не разгубіцца ў выбары, набывайце лекі, арыентуючыся на добры для вас кошт і смакавую дабаўку.
Фота golovnie-boli.ru.
– Калі хвароба паўтараецца – тыя ж самыя сімптомы і самаадчуванне, ці магу я сам пачаць піць тыя ж самыя лекі, што дапамаглі мне мінулым разам?
– Трэба зноў звярнуцца да доктара і не займацца самалячэннем. Асабліва небяспечна гэта ў выпадку антыбіётыкаў. Калі ўжываць іх без кантролю, то яны проста перастануць дзейнічаць – шкодныя мікраарганізмы стануць устойлівымі да антыбіётыкаў. Да таго ж лекамі вы пашкодзіце мікрафлору страўнікава-кішачнага тракту. У нас людзі любяць ад усяго лячыцца антыбіётыкамі. Але калі хвароба вірусная, то ніякімі антыбіётыкамі яе не вылечыш.
– Як павысіць узровень гемаглабіну ў крыві без таблетак?
– Ніякая дыета не падыме ўзровень гемаглабіну. Нават калі вы будзеце есці пячонку ўпрыкуску з гранатам. Нізкі гемаглабін, ці анемія, – насамрэч вельмі сур’ёзная праблема, і ніякімі гематагенкамі тут не дапаможаш. Гэта не самастойны дыягназ, а сімптомы сотняў хвароб, у тым ліку анкалагічных. Трэба высвятляць прычыну.
Фота klinikazdorovya.ru.
– Новы доктар сказаў, што вітаміны лепей піць не курсам у некалькі месяцаў, а па схеме: дзесяць дзён п’ём, дваццаць не. І так круглы год. Як вы гэта пракаментуеце?
– Першы раз чую пра такую схему. Звычайна для прафілактыкі мы рэкамендуем два курсы вітамінаў на год альбо хаця б адзін вясной. Часцей піць вітаміны могуць тыя, хто мае павышаныя фізічныя ці разумовыя нагрузкі, лячыўся антыбіётыкамі, перанёс хіміятэрапію ці аперацыю, а таксама цяжарныя. У любым выпадку варта прымаць іх па інструкцыі, бо састаў вітамінаў бывае вельмі розны.
А калі вы хочаце падабраць вітаміны спецыяльна пад патрэбы свайго арганізма, то варта зрабіць аналіз крыві на вітаміны і мікраэлементы. Вядома, ён робіцца не ва ўмовах паліклінікі, а ў прыватных лабараторыях.
Навошта кожны раз хадзіць да тэрапеўта?
– Чаму перад паходам да больш вузкага спецыяліста трэба пастаянна ісці да тэрапеўта? А калі чалавек ведае, што ў яго хворае сэрца і яму трэба да кардыёлага?
– Гэта пытанне я пастаянна бачу ў сацсетках і на сайтах паліклінік. Але вы не ўяўляеце, колькі прыходзіць людзей, якія самі сабе паставілі дыягназ! У некага баліць спіна, і ён ідзе да неўролага, хаця насамрэч у яго праблемы з ныркамі. А ледзь не кожная бабуля ўпэўненая, што мусіць ісці менавіта да кардыёлага. Дарэчы, у нас на раён толькі адзін кардыёлаг.
Візіт да тэрапеўта патрэбны, каб правільна накіраваць хворага.
Што тычыцца хранічных хворых, якія рэгулярна мусяць праходзіць пэўныя працэдуры і даследаванні, то яны стаяць на дыспансерным уліку. Дактары самі іх ведаюць і часам могуць на месцы выдаць талон на наступны візіт. Тады паход да тэрапеўта неабавязковы.
Фота 24doctor.info.
– Па тэлевізары ў праграме пра здароўе казалі, што спрасаваныя таблеткі можна піць яшчэ год-два пасля таго, як выйшаў тэрмін прыдатнасці. Маўляў, вытворцы спецыяльна пішуць на ўпакоўцы карацейшы тэрмін, каб людзі часцей куплялі тавар. Ці так гэта?
– Гэта пытанне не да доктара, а да вытворцы лекаў. Сама я заўсёды прытрымліваюся інструкцыі, якую змяшчаюць на ўпакоўцы.
– Кроплі для носа – вельмі бяскрыўдныя лекі. Ці можна карыстацца імі без кансультацыі доктара?
– Калі з’явіўся лёгкі насмарк, то можна карыстацца сасудазвужальнымі кроплямі. Але не злоўжывайце: калі капаць больш за тыдзень, то арганізм прывыкне і лекі перастануць дапамагаць. А калі насмарк не праходзіць цягам пяць-сямі дзён, гэта можа быць праявай гаймарыту ці іншых сур’ёзных захворванняў.
– Пра што могуць казаць павялічаныя лімфавузлы?
– Гледзячы ў якім месцы. Калі павялічаныя лімфавузлы на шыі ці пад ніжняй сківіцай, то гэта можа быць як праявай звычайнай прастуды, так і вельмі сур’ёзных хвароб – напрыклад, пухліны ці ВІЧ. Павялічаныя лімфавузлы пад пахамі могуць казаць пра хваробы малочных залозаў, хваробы крыві. Кожны выпадак індывідуальны, таму ў першую чаргу трэба ісці да тэрапеўта: здаваць аналізы і рабіць УГД.
Фота izkis.ru.
Зімой “налягаем” на вітамін Д
– Ці ёсць нейкі вітамін ці элемент, недахоп якога асабліва адчуваецца арганізмам узімку?
– У першую чаргу зімой нам не хапае вітаміну Д. Ён выпрацоўваецца ў скуры пад уздзеяннем сонца. А ўсе мы ведаем, што ў Беларусі сонца зімой амаль не відаць. Таму неабходны працяглы прыём вітаміну Д – можна прымаць яго ў чыстым выглядзе, можна ў саставе полівітамінных комплексаў.
− Якія агульныя парады на зімовы перыяд вы можаце даць чытачам?
– Тут я наўрад ці скажу нешта новае. Па-першае, трэба правільна харчавацца: есці садавіну, гародніну, крупы, рыбу, піць дастаткова вадкасці. Зімой не трэба забывацца на лімон і часнок. Па-другое, памятаць пра фізічную нагрузку – за паходы ў спартзалу ці басейн ваш арганізм будзе вам удзячны.
А паездку на работу ў душным аўтобусе, які ўжо ўсе абчыхалі і напоўнілі мікробамі, трэба замяніць на шпацыр на свежым паветры.
– Як вы ставіцеся да сцвярджэння, што “ўсе хваробы ад галавы”?
– Менавіта так, згодная. Нашыя думкі і лад жыцця – з іх на 80% складаецца наш стан здароўя. Пазітыўнае стаўленне да ўсяго – абавязковая ўмова здароўя. Таму не звяртайце ўвагі на надвор’е за акном, стварайце сабе самі нагоды для радасці!