Публіку ў зале чакаў сюрпрыз: выкліканыя ў суд былыя мытнікі, якіх прысутныя лічылі за сведак, аказаліся ў зусім іншым працэсуальным статусе – “асобаў, якія раней дапытваліся ў межах крымінальнай справы”. Але якой?

Статус, пра які ведаюць толькі юрысты

– Вы будзеце дапытаныя ў якасці абвінавачанага, — звяртаўся суддзя да выкліканых у суд сёння былых мытнікаў Аляксандра Якубцэвіча, Аляксея Смірнова, Вячаслава Рынковіча і Мікалая Мішука.

Усе чацвёра не зяўляюцца абвінавачанымі ў справе, якая разглядаецца ў Партызанскім судзе. Больш за тое, ніводзін з дапытаных сёння мытнікаў ані слова не сказаў пра тых адзінацці, якіх судзяць у гэтым працэсе. Затое ўсе чацвёра падрабязна распавядалі пра хабарніцтва мытнікаў з іншых працэсаў (нагадаем, ашмянскіх мытнікаў адначасова судзяць яшчэ ў Кастрычніцкім, Фрунзенскім і Менскім абласным судах).

Дайшло да таго, што адзін з адвакатаў выказаў пратэст.

– Пратэстую! Навошта ў судзе вывучаюцца эпізоды, не звязаныя з нашымі падсуднымі? Давайце не губляць працэсуальны час, – заклікаў суд абаронца.

Але яму запярэчыў пракурор: “Не забывайце, што падсудныя абвінавачаныя ў злачынстве ў складзе арганізаванай групы, таму ўсё, што тычыцца гэтай групы, варта расследавання”.

Суд з гэтым пагадзіўся і перайшоў да допыту чарговага былога мытніка. Прыкладам, вось якія паказанні даваў Мікалай Мішук.

“Абвінавачаны” мытнік: Чарга была не на мытні, але ў камп’ютары

Мішук сказаў, што атрымаў упершыню грошы ад начальніка свайго аддзелу Горбаля – той перадаў 500 долараў.

Перадаваў на стаянцы службовага аўтобуса па-за мытным пастом, на паперцы быў пазначаны нумар ягонай пячаткі. За што грошы, не тлумачыў, але ён і без таго зразумеў – за аўтамабілі з кветкамі. Усяго атрымаў гэтак 3100 долараў. Не толькі браў грошы сабе, але і перадаваў іншым мытнікам – Канстанціну Урбановічу і Матняку (гэтыя прозвішчы ў справе прагучалі ўпершыню).

Цікавыя дыялогі ў “абвінавачанага Мішука” ўзніклі спачатку з пракурорам, а потым з суддзёй. Пракурор дапытваўся, за што былі грошы. Мішук адказаў, што за “пазачарговы агляд аўтамабіляў з кветкамі”, і распавёў пра сваю працу:

“Стаю, падыходзіць кіроўца з дакументамі, пачынаю аглядаць”.

Пракурор запытаў: “А пры чым тут чарга? Дзе яна? Вы ж стаіце вольны, не заняты?”

Уцямнага адказу пракурор так і не атрымаў, акрамя таго, што “чарга была бачна на маніторы кампутара”. У разбор эпізоду ўцягваецца суддзя:

“Але ж аўтамабілі з кветкамі як з прадукцыяй, якая хутка псуецца, і без таго трэба правяраць у першую чаргу. Паводле закону. За што ж тады бралі грошы?”

Абвінавачаны працягвае настойваць на тым, што нічога не парушаў і ўсе інструкцыі выконваў спраўна, але потым згадвае, што аднойчы начальнік аддзелу Горбаль на планёрцы загадаў інфармаваць яго пра аўтамабілі з кветкамі і пра тое, ці магчымыя ў іх парушэнні – “індыкатар рызыкі”, як кажуць мытнікі.

Другі з мытнікаў, апытаных сёння ў статусе “абвінавачаных”, Аляксандар Якубцэвіч на допыце казаў, што нарматыўныя акты на агляд аўтамабіляў дазваляюць па-рознаму ставіцца да “індыкатараў рызыкі”. Прыкладам, вага грузу звыш пазначанай у дакументах можа азначаць як парушэнне, гэтак і тое, што здарылася памылка з вагой аўтамабіля. Таму мытнік мог альбо прычапіцца да гэтага і ўчыніць дадатковы агляд, альбо спісаць усё на “аўтамабільную памылку”. За выбар, які патрэбны перавозчыку, і давалі хабар.

“Сведкі-чаўнакі”?

Варта дадаць, што загадчык аддзелу афармлення і кантролю Аляксандар Горбаль, як і ягоная калега з другога аддзелу Марына Мароз, цяпер падсудныя на працэсе, які пачаўся 5 снежня ў Мінскім абласным судзе. Назіральнікі за працэсам у Партызанскім судзе Мінску не выключаюць, што сённяшнія паказанні на Горбаля, Мароз ды іншых “кіраўнікоў” злачыннай “групоўкі” прагучаць праз нейкі час і на працэсе ў Мінскім абласным судзе, дзе судзяць “вярхушку” групоўкі.

– Інакш гэтыя людзі з “абвінавачаных” у невядома якой справе пяройдуць у статус падсудных па пэўнай справе, – мяркуе пра “сведак-чаўнакоў” адзін з адвакатаў.

Паказанні Алеся Юркойця ў судзе і на следстве не мяняліся

Працэс у Партызанскім судзе вылучыўся гучнай заявай: пра фактычныя катаванні падчас следства заявіў суду падсудны мытнік Алесь Юркойць.

Паводле ягонай заявы, падчас знаходжаньня ў турме КДБ – у “амерыканцы” – ахоўнікі не давалі яму нармальна адпачываць, бо тры ночы запар грукалі дубінкамі ў дзверы камеры, сляпілі святлом. Юркойць мяркуе, што гэтак ціснулі, каб прызнаў віну. Але былы мытнік так і не прызнаў, што браў грошы. Паводле Юркойця, з былым калегам Сяргеем Чэпіным, які паведаміў следству, што тройчы нібыта перадаваў “хабарныя” грошы Алесю, у яго былі непрыязныя адносіны. Паказальная і такая дэталь: следства інкрымінуе Юркойцю больш за 12 тысяч долараў хабару, але Чэпін кажа толькі пра тры выпадкі перадачы грошай, а гэта цягне прыкладна на адну тысячу. Адкуль жа ўзяліся астатнія?

– Выглядае, следства проста падлічыла колькасць аўтамабіляў з кветкамі, якія аформіў за пэўны час Алесь Юркойць, а доказы, што пры гэтым былі парушэнні, пакуль не прад’яўленыя, – лічыць адзін з назіральнікаў.

Іншы назіральнік заўважыў, што допыт Алеся Юркойця скончыўся без параўнання ягоных паказанняў у судзе з тым, што мытнік казаў на следстве. Звычайна бывае менавіта гэтак: параўноўваюць і ловяць падсуднага на розніцы ў паказаннях, выцягваюць тлумачэнні ці нават прызнанне, дзе схлусіў. З Юркойцем гэтак не атрымалася. Значыць, ягоныя паказанні нічым не адрозніваліся, Алесь Юркойць адразу казаў, што не браў хабару, і працягвае гэта даказваць у судзе.

 “Наша Ніва” паводле .