Юбілейная вечарына “Сучассе” з нагоды 65-годдзя з дня нараджэння і 40-годдзя творчай дзейнасці мастака, члена Беларускага саюза мастакоў Міколы Аўчыннікава адбылася ў Палацы культуры 2 снежня.

– Беларусь багатая на таленавітых і працавітых людзей. А Маладзечанскі край займае асаблівае месца ў Мінскай вобласці. Мы ганарымся сваім горадам, знакамітымі землякамі, чые імёны праслаўляем, –  менавіта з гэтых слоў пачаўся вечар.

Юбіляра прыехалі павіншаваць сябры, калегі і самыя блізкія людзі, у тым ліку сын Альберт. У адрас мастака прагучала  мноства віншаванняў і прапаноў. Кожны чалавек, які хоць аднойчы сутыкаўся з ім у працы ці ў жыцці, казаў прыемныя словы. 

–  У Беларускім саюзе мастакоў больш за тысячу людзей, і кожны лічыць сябе адметным. Аднак Мікола Аўчыннікаў не згубіўся ў шматлікай грамадзе,  –  лічыць прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыi саюза мастакоў Рыгор Сітніца.

Маляваннем Мікола захапіўся яшчэ ў маленстве. Пасталеўшы, працягнуў займацца творчасцю ў Віцебскім педагагічным інстытуце на мастацка-графічным факультэце разам са сваім сябрам Васілём Касцючэнкам, які таксама завітаў на сустрэчу і адзначыў:

 – Гэта  прыклад чалавека, які прыехаў у Маладзечна, а не ў сталіцу, і знайшоў тут сябе.

Для імянінніка пелі песні, чыталі вершы. Жывы тэатралізаваны падарунак падрыхтавалі вучні гімназіі-каледжа мастацтваў, дзе выкладае Мікола Аўчыннікаў. 

– Мастак павінны быць, як птушачка, якая сядзіць на дрэўцы і спявае. Для каго? Для чаго? Бо ёй хочацца гэта рабіць, –  кажа Мікола Аўчыннікаў. – Так і мастак: будуць яго слухаць, глядзець, крытыкаваць  –  усё роўна ён працягне займацца сваёй працай.  

Юбілейная вечарына завяршылася адкрыццём выставы жывапісу мастака, якая будзе праходзіць да 19 снежня.