– Калі будынак перадалі на баланс нашай арганізацыі, было вырашана арганізаваць у ім новую для нашага раёна ўстанову, – распавядае дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Ждановіч. – Пра яго неабходнасці кажа той факт, што адзінокіх састарэлых, якія па хваробе размяшчаюцца на ложках сястрынскага догляду Міхалішкаўскай участковай бальніцы, менш не становіцца.
Плануюць, што ў доме сумеснага самастойнага пражывання змогуць размясціцца каля 20 адзінокіх састарэлых, якія самастойна будуць сябе даглядаць.
Двухпавярховы будынак, у адной з частак якога размяшчаецца ФАП, прыцягвае вялікай тэрыторыяй. На яе, дарэчы, у дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра свае погляды.
– Тут плануем зрабіць агарод, там – пляцоўку для адпачынку, –дзеліцца Віктар Ждановіч.
Фота ostrovets.by.
Некалькі вокнаў ужо ветліва “падміргваюць” новенькімі шклопакетамі, астатнія – яшчэ чакаюць свайго часу.
– Па-першае, мы зрабілі перапланіроўку: разбурылі старыя перагародкі і замест іх ўзвялі новыя – разбілі прастору так, каб усім было зручна, – распавядае дырэктар Цэнтра.
Цяпер пакоі размешчаны ў выглядзе блокаў, да якіх прымыкае невялікая сталовая-гасціная і санітарныя памяшканні. Усе яны афармляюцца ў светлых танах.
Усімі работамі ў доме сумеснага самастойнага пражывання займаюцца супрацоўнікі будаўнічай арганізацыі ТАА “Арнада” з Маладзечна.
– Кожны дзень на аб’екце працуе каля 25 чалавек. Кожны заняты сваёй справай, – распавядае дырэктар будаўнічай арганізацыі Арцём Дубовік. – Адны кладуць плітку, іншыя клеяць шпалеры. Наперадзе – замена старых вокнаў на шклопакеты, кладка ламінату.
На сценах пакояў на першым паверсе ўжо паклееныя шпалеры і выкладзеная плітка – тут работы выкананы на 70%. А вось на першым паверсе ўсё гэта яшчэ толькі ў планах.
А пакуль будаўнікі занятыя сваімі справамі, супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра займаюцца складаннем планаў на напаўненне пакояў, дзе размесцяцца адзінокія састарэлыя.
– Бо перш, чым у дом засяліць людзей, пакоі трэба абставіць неабходнай мэбляй, бытавой тэхнікай – прыстасаваць да жыцця. Каб зрабіць жыллё ўтульным і прыгожым, таксама трэба прыкласці намаганні, – упэўнены дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра.
Пакуль працы хай павольна, але рухаюцца. Плануецца, што ў наступным годзе дом заселяць. А супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра пастараюцца зрабіць усё магчымае, каб людзям было тут камфортна і ўтульна.