9 снежня а сёмай гадзіне вечара пройдзе выстава “Адваротны бок” маладзечанкі Надзі Букі ў галерэі TUT.BY ў Мінску па вуліцы Дзяржынскага, 57.

Творы, якія можна пабачыць, незвычайныя па тэхніцы, бо створаныя пры дапамозе звычайных нажнічак і паперы. Работы чымсьці нагадваюць выцінанкі, але разам з тым вельмі ад іх адрозніваюцца. Менавіта таму мастачка вырашыла даць назву сваім папяровым кампазіцыям – буцінанка, ад першых літар свайго прозвішча.

Даведка “РГ”. Надзя Бука нарадзілася 2 снежня 1981 года ў Маладзечне. Першым настаўнікам будучай мастачкі стаў бацька, графік Іван Іванавіч Смальякоў. З дзяцінства ўдзельнічала ў гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

У 1996 годзе заняла першае месца ў міжнародным конкурсе “Дзеці свету малююць Іерусалім”. Кампазіцыя і сёння экспануецца ў галоўным музеі Ізраіля.

Неаднаразова была стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі (1997, 2007 гадах).

Вучылася ў Маладзечанскім музычным вучылішчы імя Міхала Клеафаса Агінскага на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (1999-2002). Там пазнаёмілася з мастацтвам выцінанкі. Яе дыпломнай працай стаў шэраг ілюстрацый да кнігі асабістых вершаў.

Пасля паступіла на факультэт журналістыкі БДУ. Працавала настаўніцай выяўленчага мастацтва ў Красненскай сярэдняй школе на Маладзечаншчыне.

Першая персанальная выстава буцінанкі “Нешта” была ў маі 2011 года ў Мінску ў мастацкай галерэі ўніверсітэта культуры. У тым жа годзе адкрыла персанальную выставу ў Вільні.

Удзельніца праектаў “Ліхтарт” і “Пастулат” у Мінску, “Бумпром” у Маскве, і “Чорны квадрат” у Пецярбургу.

Не губляйце галавы. Мастачка з Маладзечна Надзя Бука дэбютавала ў афармленні вокладкі кнігі