У альбом, які Віталь Качаткоў назваў “Быццам”, увойдуць як ужо знаёмыя і выдадзеныя песні, рэмейкі, так і зусім новыя кампазіцыі.

Музыка амаль ва ўсіх песнях аўтарская, як і выкананне. А песню-рэмейк “Уцякае за аблокi” выканала Алеся Кульша-Агінская джазавая беларуская спявачка.

Словы да ўсіх песень напісала Аксана Ярашонак. Толькі песню “Абнiмi мяне” напісаў сам Віталь па матывах вядомага верша беларускага класіка Янкі Купалы.

Выданнем і дыстрыб’юцыяй новай кружэлкі Віталя Качаткова па традыцыі будзе займацца студыя “Начное таксі” на чале з Аляксандрам Фруміным.

Песні напісаныя Качатковым ў перыяд з 2011 па 2016 год.

Над творамі працавалі музыканты і студыі трох краін: Беларусі, Расіі і Малдовы (Прыднястроўя).

Хачу сказаць і кажу дзякуй усім людзям, якія ўплывалі, бралі ўдзел і падтрымлівалі выпуск гэтага зборніка песень. Гэта Аксана Ярашонак, Наталля Качаткова, Сяргей Анцішын, Аляксей Зайцаў, Іван Чэбану, Генадзь Сыракваш, Алеся Кульша, Юрый Нікіцюк, Сяргей Урбановіч. Усім вам велізарны дзякуй! кажа спявак.

У альбом “Быццам” увойдуць песні “Кап-кап”, “Быццам Iкары”, “Уцякае за аблокi”, “Калыханка каханай”, “Абнiмi мяне”, “Матулі”, “Разам з сябрам”, “Уцякай за аблокi” (рэмейк), “Калыханка каханай” (рэмейк), “Навагодняя”.