Якія прафесіі сёння папулярныя на Смаргоншчыне? Якія незапатрабаваныя? Што прапануюць працадаўцы? Каб жыхары Смаргоні маглі атрымаць адказы на гэтыя пытанні, у горадзе штогод ладзіцца кірмаш вакансій.

Сёлета, па словах начальніка дзяржаўнай службы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Смаргонскага райвыканкама Тамары Рамановіч, працу прапаноўвалі прадстаўнікі вытворчых прадпрыемстваў, гандлю, ЖКГ, лясгаса.

Сярод ахвотных на гэты раз было шмат людзей пенсійнага ўзросту.

Грузчыкам ці дворнікам уладкавацца нялёгка

Жыхары цікавіліся прапановамі, запісваліся на курсы, якія прапануе цэнтр занятасці. На базе прафесійна-тэхнічнага смаргонскага ліцэя можна атрымаць спецыяльнасці прадаўца, муляра, зваршчыка, тынкоўшчыка-маляра. Плануюць адкрыць курсы цырульнікаў, карыстальнікаў ЭВМ з веданнем бухгалтэрыі 1С.

На выязных курсах у Гродне і вобласці навучаюць на кіроўцаў пагрузчыка, вальшчыкаў лесу.

– Цяпер вельмі цяжка знайсці працу некваліфікаванаму спецыялісту, – падзялілася сваімі назіраннямі начальнік. Абавязкова павінна быць хаця б пасведчанне пра тое, што чалавек скончыў курсы па абранай спецыяльнасці. Грузчыкам або дворнікам цяпер уладкавацца куды цяжэй, чым раней.

Прадаўцы, па словах Тамары Рамановіч, запатрабаваныя ўвесь час. У горадзе шмат магазінаў. Два вялікія гандлёвыя аб’екты яшчэ будуюцца.

У сувязі з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі ў Астраўцы патрэбныя цесляры-бетоншчыкі.

Сёлета былі вакансіі лесавода, кіроўцы, аператара свінагадоўчага комплексу, аператара машыннага даення, ветэрынарнага доктара, эканаміста.

У Смаргонскую раённую бальніцу патрабаваліся санітаркі, медсёстры, фельчары, дактары-спецыялісты.

Менш запатрабаваныя юрысты. Укамплектаваныя таксама сферы культуры і адукацыі. На працягу года часам з’яўляліся вакансіі настаўнікаў, выхавальнікаў і памочнікаў выхавальнікаў, але сюды хутка знаходзіліся ахвотныя.

Колькасць зарэгістраваных непрацуючых з вышэйшай адукацыяй у аддзеле занятасці невялікая. Іх каля 6%. Часта гэта людзі, якія даўно скончылі ВНУ, але па нейкіх прычынах доўгі час не працавалі.

На кірмашы былі прадстаўнікі прадпрыемства “Карункі”. Тут шыюць жаночую бялізну. Прадпрыемства будзе пашырацца.  На працу запрашалі жанчын-швачак. Іх трэба 15. Абяцалі сярэдні заробак 550 рублёў.

Як атрымаць субсідыю на адкрыццё ўласнай справы

Як расказала Тамара Рамановіч, некаторыя гараджане праходзяць курсы індывідуальных прадпрымальнікаў, пішуць бізнес-планы, звяртаюцца ў аддзел занятасці  і атрымліваюць субсідыі на адкрыццё сваёй справы.

Субсідыі выдавалі на розныя віды дзейнасці. Гэта будаўніцтва, арганізацыя святаў, паслугі цырульніка, чыстка дываноў і мэблі. Звярталіся па субсідыі і рамеснікі. Цяпер яны маюць невялікія ўласныя прадпрыемствы, дзе робяць мэблю, розныя каваныя рэчы.

Грашовую дапамогу аддзел занятасці выдзяляе і тады, калі сям’я пераязджае жыць і працаваць з горада ў вёску. Тады сям’я ў сельскай мясцовасці атрымлівае жыллё.

На якіх прадпрыемствах у Смаргоні самыя высокія заробкі? На “Белагратэрмінале”.  Гэта прадпрыемства будуе ў Смаргоні завод па вытворчасці алею з насення рапсу. Да канца 2017 года завод павінны запусціць. На кірмашы прадстаўнікі прадпрыемства правялі прэзентацыю дзейнасці будучага завода. Паабяцалі, што з яго адкрыццём  з’явіцца каля 100 працоўных месцаў.

Па словах начальніка аддзела занятасці, да 900 рублёў атрымліваюць на прадпрыемстве “Кранаспан”.

У аддзеле занятасці заўважылі, што калі гады тры-чатыры таму ў беспрацоўя быў “жаночы твар”, то цяпер ён мужчынскі. Сацыяльны партрэт беспрацоўнага наступны. Гэта мужчына прыкладна 42 гадоў, які мае агульную сярэднюю адукацыю. Ён доўга не працаваў і не атрымліваў дапамогу па беспрацоўі.

Цяжка ўладкавацца на працу мужчынам, якія доўга працавалі за межамі Беларусі. Напрыклад, дзе-небудзь на будоўлі ў Расіі. Часта такая праца неафіцыйная, запісаў у працоўнай кніжцы няма. Такія суіскальнікі адносяцца да катэгорыі людзей, якія не працавалі на працягу доўгага часу.

На 1 лістапада 2016 года ўзровень беспрацоўя ў Смаргоні – 0,9%, каэфіцыент напружання на рынку працы – 0,8 чалавека на месца.