Зіма пахне мандарынамі, снегам, ваніллю, гарачым шакаладам, ёлкамі і, вядома, дзяцінствам! З прыходам зімы пачынаеш верыць у казкі і цуды.

Гэта самая дзіўная пара: за акном стаяць маразы, беласнежныя гурбы нагадваюць горы. Праўду кажуць, што зіма – гэта цёплыя рукавіцы, шарсцяныя шкарпэткі, шумныя святы і весялосць.

У гэты час мы рыхтуемся да новага года, выбіраем падарункі для сваіх блізкіх і сяброў, упрыгожваем вокны выцінанкай, ставім ёлку.

Кожны год напярэдадні Новага года і Ражаства Хрыстова Вілейскі краязнаўчы музей праводзіць выставы дэкаратыўна-прыкладнога  мастацтва на калядную тэматыку. Гэты год не выключэнне. 

14 снежня 2016 года  а 15 гадзіне ў выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча адкрыецца  выстава “Зімовыя фантазіі”. На ёй прадставяць навагоднія  віншавальныя паштоўкі, ёлачныя ўпрыгожванні, навагоднія кампазіцыі, калядныя сувеніры, зробленыя  ў розных тэхніках. 

На адкрыцці выставы “Зімовыя фантазіі” ўсе жадаючыя змогуць прыняць удзел у стварэнні агульнага навагодняга Адвэнт-календара.