Паводле легендаў, Алімпійскія гульні ўпершыню арганізаваў у старажытныя часы Геракл. Праводзіліся яны адзін раз у пяць гадоў. Затым традыцыя правядзення гульняў перапынілася і яе аднавілі пры элідскім цары Іфіце прыкладна ў 884-828 гадах да нашай эры. Спачатку Алімпійскія гульні не нумараваліся, а называліся па імені пераможцы. Гіпій з Эліды ўпарадкаваў, расставіў па парадку і пранумараваў Алімпійскія гульні на рубяжы пятага-чацвертага стагоддзяў да нашай эры. Арыстоцель пазней таксама склаў спіс Алімпійскіх гульняў.

Сёння ж алімпійскія спаборніцтвы ёсць не толькі ў спорце. Школьная прадметная алімпіяда – гэта, перш за ўсе, інтэлектуальныя спаборніцтвы па вызначаных курсах вучэбнай праграмы.

Праводзяцца яны, каб заўважыць адораных і таленавітых дзяцей, развіць іх цікаўнасць і інтэлект. Школьная прадметная алімпіяда – таксама і вынік работы настаўнікаў з адоранымі вучнямі не толькі на ўроках, але і ў пазакласнай дзейнасці. Гэта паказчык развіцця ў вучняў творчых адносін да прадмета, магчымасць праявіць цікавасць да самастойнага пошуку дадатковай інфармацыі.

 Рэспубліканская прадметная алімпіяда праводзіцца ў чатыры этапы. Як звычайна, у лістападзе закончыўся другі, раённы, этап. І нам асабліва прыемна адзначыць, што гімназія №1 “Логас” зноў пацвердзіла сваё імя.

У другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 2016-2017 навучальнага года удзельнічалі 206 вучняў раёна. Добрую падрыхтоўку да ўдзелу ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды паказалі вучні нашай гiмназii, якія прынеслі ў скарбонку роднай установы найбольшую колькасць дыпломаў  – 31. 

Першае месца ў раёне занялі 17 вучняў: Аляксандра Мельнікава (10 “А” клас) і Ілья Курыловіч (8 “Б” клас) па матэматыцы, Клім Севярын (9 “В” клас) па інфарматыцы, Максім Маліноўскі (11 “Б” клас) і Павел Клемянтовіч (10 “Б” клас) па геаграфіі, Ягор Белахвостаў (11 “Б” клас), Анастасія Паслед (9 “А” клас) і Анастасія Каробчыц (9 “В” клас) па хіміі, Кацярына Багачэнка (10 “Б” клас) па біялогіі, Анатоль Козел (9 “А” клас) па фізіцы, Аліна Дубаневіч (10 “Б” клас) па працоўным навучанні, Дар’я Капцюг (11”А” клас), Таццяна Касяк (10 “А” клас) і Анастасія Малевіч (9 “Б” клас) па  рускай мове, Анастасія Бахар (11 “Б” клас) па англійскай мове, Аляксей Хаценчык (11 “Б” клас) і Марыя Борыс (10 “А” клас) па грамадазнаўстве, другое месца ў раёне занялі дзевяць вучняў гімназіі, трэцяе месца – пяць вучняў.

Вынікі добрыя, але гэта толькі  другая прыступка да вяршынь  рэспубліканскай алімпіяды. Хочацца спадзявацца, што многім  гімназістам  удасца не толькі перайсці на трэцюю прыступку, але і перамагчы. Сілы волі і моцнага жадання ім!