У конкурсе “Не губляй ніводнага дня” перамаглі дзве маладыя жанчыны.

Марына Сільвястровіч працуе ў лабараторыі маладзечанскай бальніцы №1. На ўзнагароджанне яна завітала ў рэдакцыю з мужам.

Жанчына распавяла, што пра конкурс ёй падказала сястра. Не спадзеючыся на перамогу, даслала фотаздымкі і заклікала галасаваць за сябе сяброў і знаёмых.

У выніку перамагла ў намінацыі “Прыз глядацкіх сімпатый”, сабраўшы найбольшую колькасць клікаў у галасаванні на сайце – 2 802. Чытачам спадабаліся мілыя і пяшчотныя вясельныя фотаздымкі маладой жанчыны.

Калі журналіст “РГ” Зоя Хруцкая ўручыла Марыне падарунак – смартфон, яе муж пракаментаваў:

– Ніколі не верыў у розныя конкурсы. А вы мяне здзівілі.

Галасавалі 18 тысяч чалавек

У галоўнай намінацыі конкурсу “Выбар рэдакцыі” перамагла Настасся Красічэнка са Светлагорска. Дзяўчына цяпер вучыцца ў БДУ на праграміста. А пра конкурс ёй падказала сяброўка з Валожына, якая ведала, што Насця захапляецца фатаграфаваннем.

У інтэрнэт-галасаванні фота Настассі таксама сталі папулярнымі і атрымалі 1 043 галасы і трэцюю пазіцыю. Дзвюх пераможцаў у галасаванні раздзяляе толькі фатограф Станіслаў Багдзевіч, якога на другую пазіцыю паднялі 2 465 галасоў. Агулам у галасаванні зарэгістравана 18 472 галасы.

Настасся як пераможца намінацыі “Выбар рэдакцыі” атрымала не толькі ў падарунак смартфон, але і гонар ілюстраваць сваім фотаздымкам фірменны каляндар “РГ” на 2017 год.

Нашы падпісчыкі атрымаюць яго ў падарунак з першым нумарам газеты ў новым годзе. Ён будзе не толькі візуальна прыгожы, але і зручны. У ім будуць размешчаныя візіткі некаторых арганізацый, якія могуць быць вам карысныя.

Чакайце конкурс праз год!

Конкурс “Не губляй ніводнага дня” “Рэгіянальная газета” сёлета правяла ўпершыню. У ім паўдзельнічалі 53 чалавекі. Сярод дасланых здымкаў былі пейзажы, архітэктурныя помнікі, партрэты, фотаздымкі сямейнага жыцця.

“Рэгіянальная газета” шчыра дзякуе ўсім, хто ўдзельнічаў у конкурсе.

У новым годзе збірайце свае ўражанні і шчаслівыя моманты на фота,  а праз год мы плануем паўтарыць акцыю “Не губляй ніводнага дня”.

Няхай кожны дзень будзе яркім!