Памерла Муза Заслонава – рэжысёр-дакументаліст, дачка Героя Савецкага Саюза Канстанціна Заслонава. Апошнія гады жанчына жыла ў Вілейцы.

Пераехаўшы са сталіцы, яна купіла тут больш сціплую кватэру. А таксама набыла камп’ютар, каб напісаць кнігу пра сваю сям’ю.

У 2013 годзе Роза Шэрая, кіраўнік школьнага народнага музея “Вілейшчына літаратурная” ў Ільі, даведалася, што дачка легендарнага партызана жыве ў Вілейцы. У школе вырашылі сустрэцца з Музай Канстанцінаўнай, патэлефанавалі ёй, абмеркавалі час сустрэчы. Нават распрацавалі сцэнарый і песню пра Канстанціна Заслонава ў інтэрнэце адшукалі, каб яна гучала на мерапрыемстве.

Муза Заслонава працавала рэжысёрам-дакументалістам. Фота забяспечана Сяргеем Макарэвічам.

Муза Заслонава працавала рэжысёрам-дакументалістам. Фота забяспечана Сяргеем Макарэвічам.

Аднак, па словах Розы Шэрай, да прызначанай даты Муза Заслонава прыехаць не змагла, бо не зусім добра сябе  адчувала. Тады па папярэдняй дамоўленасці Роза Шэрая разам з настаўніцай гісторыі Людмілай Маркевіч і некалькімі вучнямі самі завіталі да Музы Заслонавай у Вілейку.

– 80-гадовая дачка Канстанціна Заслонава запомнілася мне зусім не старэнькай кабетай, а прыгожай, інтэлігентнай і разумнай жанчынай, – успамінае Роза Шэрая. – А яшчэ вельмі простай. Яна доўга ў нас пыталася, чаму мы вырашылі прыехаць да яе, такой звычайнай жанчыны.

На што госці адказалі, што дачка Героя Савецкага Саюза, аўтар кніг і рэжысёр фільмаў, для іх зусім не звычайная жанчына. І пачалася размова.

Муза Канстанцінаўна расказала, што кожны дзень робіць зарадку, а ў цёплыя дні яшчэ і ранішнія прабежкі, шмат чытае, піша, працуе з архіўнымі дакументамі, ездзіць па краіне.

Распавяла ільянскім вучням пра сябе і сваю сям’ю. Пра бацьку, маці, сястру Ізу, пляменніка Рамана Заслонава, сына Ізы. Раман – вядомы мастак, ён жыве і працуе ў Парыжы.

Муза Заслонава. Фота забяспечана Сяргеем Макарэвічам.

Муза Заслонава. Фота забяспечана Сяргеем Макарэвічам.

Прыгадала сваю працу рэжысёра-дакументаліста. Расказала, што журналісцкую адукацыю атрымала ў Мінску, потым скончыла Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі ў Маскве. Вучылася на курсе ў кінадакументаліста прафесара Рамана Кармэна.

Прызналася, што рэалізавала сваю даўнюю мару: напісала кнігу пра бацьку і стварыла фільм пра яго.

Але Муза Канстанцінаўна не толькі расказвала пра сябе. Яна пазнаёмілася з кожным з дзяцей, распытала, хто ў якім класе вучыцца, чым цікавіцца. Па словах Розы Шэрай, дзецям была прыемная такая ўвага.

Абстаноўка ў кватэры дачкі Заслонава, заўважыла Роза Шэрая, была даволі сціплая. Кідалася ў вочы, што жанчына тут быццам бы не плануе надоўга заставацца.

І сапраўды, з гутаркі з Музай Заслонавай госці даведаліся, што яна збіраецца з’язджаць на Кубу, каб напісаць там новую кнігу.

Для сваіх гасцей Муза Канстанцінаўна прынесла вялікую талерку розных цукерак. А школе падарыла раннюю карціну свайго пляменніка мастака Рамана Заслонава. Цяпер яна ўпрыгожвае школьны народны музей “Вілейшчына літаратурная”.