Сёння, 12 снежня, суд аб’явіў рашэнне па справе Вікторыі Папчэні, дзяўчынкі, якая загінула на ўборцы бульбы. Суд не прызнаў іск бацькоў, якія патрабавалі прызнаць працоўныя адносіны паміж іх дачкой і таварыствам “Усход-агра”.

Суд патлумачыў, што працоўных адносінаў не было, бо яе не наймалі на работу.

Як паведаміў праваабаронца ісца Андрэй Стрыжак, бацькі не адмовіліся ад сваёй ранейшай пазіцыі: працоўныя адносіны ўсё ж такі былі.

– На судзе ёсць пэўны момант няпэўнасці, – адзначае праваабаронца. – Таму мы былі гатовыя да любога рашэнне, як станоўчага, так і адмоўнага. Аднак бацькі не будуць апускаць рукі. Па законе ў іх ёсць дзесяць дзён, каб скласці касацыйную скаргу ў вышэйстаячы суд. У гэтым дапаможа прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці.

Як пракаментаваў Андрэй Стрыжак, паводле сённяшняга рашэння суда атрымліваецца, што дзяўчынка нібы і не працавала на полі. А што ж тады рабілі некалькі дзясяткаў чалавек, якія былі накіраваныя на ўборку бульбы ад прадпрыемстваў, разнастайных устаноў? Працавалі. Значыць, і працоўныя адносіны ўсё ж такі былі.