Усё жыццё жанчына адпрацавала кранаўшчыцай. За працу мае шмат узнагарод, нават два медалі.

Што толькі ў рэгіёне яна ні будавала: школы ў Івянцы і Куранцы, жылыя дамы і гасцініцу ў Вілейцы, будынак райвыканкама ў Валожыне, раддом, бальніцу, 6 і 10 сярэднія школы ў Маладзечне. Але пра ўсё па парадку.

Карані Яўгеніі Антонаўны з Валожыншчыны. У Пяршаях жыла сям’я яе дзеда. Сярод чатырох дзяцей была Акуліна – мама маёй субяседніцы. У дзеда быў свой дом і 3 гектары зямлі. Аднак усё згарэла ад моланкі. Прадаўшы ўчастак, сям’я мусіла наймацца да паноў. Так Акуліна трапіла ў Пранчэйкава на Маладзечаншчыне да пана Скавінскага, у якога былі 4 сыны і дачка.

Глядзела дзяцей у роднага бацькі

Старэйшы сын Антэк згвалціў Акуліну і ў выніку яна нарадзіла дачку Жэню.

 – Я ніколі не пыталася ў мамы пра бацьку, ведала, што ёй і так было нялёка, –  распавядае  жанчына. – Аднак некалі выпадкова ў 1970-ыя гады даведалася пра гісторыю свайго нараджэння ад мамінай сяброўкі.

Скавінскія Акуліну з малым дзіцём не пакінулі ў сябе. Яна “жыла кутам”, тут жа, ў Пранчэйкаве. Дапамагала па гаспадарцы адной сям’і, за што яны дазволілі Акуліне з дачкой тут жыць.

Падгадаваўшыся, Жэня з сябрамі-аднагодкамі панадзілася лётаць у панскі двор. Тут паненка Марыя, а па сутнасці, родная цётка дзяўчынкі, частавала іх.

У Пранчэйкаве Жэня скончыла 3 класы польскай школы. А пасля сям’я роднага бацькі ўзяла яе гадаваць дзяцей. Антон Скавінскі на той час ажаніўся. У яго нарадзіліся дочкі Гражына і Дана.

Маці дзяўчынкі таксама ўзялі служыць у панскі дом. Тут яны спалі на кухні. Калі ўначы панскія дочкі плакалі, пан грукаў у сценку і Жэня ішла супакойваць дзяўчынак.

У 1939 годзе Скавінскія з’ехалі з Пранчэйкава. Мясцовыя жыхары разрабавалі маёнтак.

– Нават кажушок, які мне пакінуў адзін з братоў Скавінскіх, Стась, знялі з мяне. Сказалі, што ён панскі, – успамінае Яўгенія Антонаўна.

Яшчэ дзяўчынкай яна ўмела рабіць усю мужчынскую работу: арала, касіла, секла дровы. Гэтым з мамай і зараблялі. Аднойчы жанчына, якой дзяўчынка садзіла бульбу, разлічылася двюма варанымі “у мундзірах” бульбінамі.

Калі Саветы выдзелілі 1,5 гектараў зямлі, сталі садзіць сваю бульбу, мама зарабляла жыта. З’явілася такая-сякая гаспадарка.

Яўгенія Дзянісік. Фота Аксаны Ярашонак.

Яўгенія Дзянісік. Фота Аксаны Ярашонак.

У маёнтку застаўся ровар паненкі Марыі. На ім дзяўчына стала працаваць паштаркай у Гарадку. Развозіла лісты, грашовую дапамогу жанчынам  за тое, што муж або сын ваявалі на Вялікай Айчыннай.

Потым стала тэлефаністкай. Аднойчы ноччу дзяўчына дзяжурыла на пошце, куды ўварваліся бандыты. Праз гэта Яўгенію Антонаўну звольнілі з працы.

Аўташколы нама? Тады – на будоўлю

Дзяўчына, сабраўшы моладзь з Гарадка, паехала ў Радашкавічы вербавацца. Сабраліся 6 дзяўчат і 1 хлопец. Калі ад’язджалі, праводзіць іх выйшаў увесь Гарадок. Усе плакалі і спявалі песні, успамінае Яўгенія Антонаўна. Кожны з завербаваных атрымаў 500 рублёў “пад’ёмных”.

Ехалі ў агульным вагоне. Хлопцы са Свіры ехалі на Алтай. Яны частавалі дзяўчат цукеркамі. А моладзь з Гарадка накіравалі ў Паўночнаўральск.

На Урале Яўгенія Антонаўна хацела пайсці на курсы кіроўцаў аўтамабіля. Але такіх курсаў небыло. Таму стала працаваць на будоўлі. Будавалі дамы з блокаў. Адзін блок – 42 кілаграмы.

Усё падымалі ўручную. Карыстацца лябёдкай ніхто не ўмеў. А Яўгенія Антонаўна паспрабавала, і  ў яе атрымалася: стала падаваць раствор.

Убачыўшы гэта, майстар накіраваў дзяўчыну на курсы машыністаў вежавых кранаў. На Урале Яўгенія Антонаўна працавала 3 гады. Успамінае, што калі прыязджала ў адпачынак дамоў, заўсёды ўцякала з хаты, калі маці смажыла сала: ад яго паху станавілася дрэнна. На Урале пра сала і марыць не маглі.

Калі сяброўка з Беларусі напісала ў лісце, што ў Мінску таксама з’явіліся вежавыя краны, Яўгенія Антонаўна стала збірацца ў Беларусь. Хаця кіраўніцтва на Урале ўгаворвала застацца, нават прапаноўвалі пабудаваць дом і маму забраць.

Як кранаўшчыца з Маладзечна будавала наш рэгіён

На хутары ў Пранчэйкаве дзяўчыне было сумна: моладзі, да якой так прывыкла на Урале, тут не было.

У 1955 годзе прыехала ў Маладзечна ўладкоўвацца на працу.  Будаўнічы трэст тады знаходзіўся на старой плошчы. На працу ўзялі.

А з 1958 года яна пайшла на жалезабетонны завод, які толькі што адкрылі.

Праз 7 гадоў перашла ва ўпрашленне механізацыі №14, якім кіраваў Уладзімір Абразцоў. Тут кранаўшчыца шмат ездзіла ў камандзіроўкі на будоўлю: у Валожын, Івянец, Вілейку.

Гімназію №10 у Маладзечне пачынала будаваць кранаўшчыца Яўгенія Дзянісік. Фота з архіва РГ

Гімназію №10 у Маладзечне пачынала будаваць кранаўшчыца Яўгенія Дзянісік. Фота з архіва РГ

 Жанчына расказала, як у Куранцы ў час будаўніцтва школы загінуў на кране яе напарнік – малады нежанаты хлопец Міхаіл Субач. Кран, перагружаны амаль на 2 тоны, зваліўся разам з машыністам. У здарэнні блі вінаватыя кіраўнікі будоўлі, якія прымусілі кранаўшчыка падымаць на дах будаўнічы матэрыял у ненадзейнай скрыні.

Апошнія гады працавала на чыгунцы: разам з жанчынамі-напарніцамі разгружала машыны і вагоны. Аднак, прызнаецца жанчына, там не вельмі падабалася: на будоўлі куды цікавей.

З родным бацькам Антонам Скавінскім Яўгенія Антонаўна не бачылася ні разу: яго сям’я была супраць. Аднак жанчына перапісвалася з братам бацькі Юліем і сятрой Марыяй. Юлій неяк расказаў Яўгеніі Антонаўне, што брат празнаўся яму ва ўсім, што адбылося з Акулінай у Пранчэйкаве. Часта пытаўся пра дачку.

Некалькі разоў Яўгенія Антонаўна сустракалася з сястрой Гражынай Скавінскай, ездзіла да яе ў Польшчу, а таксама была на магіле ў бацькі.

– Зараз я жыву ў сваё задавальненне, – расказвае мая субяседніца. – Напэўна, так мне лёс аддзячыў за маё дзяцінства і маладосць, якіх па сутнасці і не было. А калі я іду па Маладзечне і гляджу на дамы, якія збудавала, здаецца, кожнае акенца ўсміхаецца мне ў адказ.