“РГ” сумесна з фітнес-клубам “Тытан” запусціла праект “Зорка з трэнажоркі”. Цягам трох месяцаў у газеце трэнер дае парады, як паху­дзець, а я, слухаючыся яго ва ўсім, праверу парады на сабе.

Ой, мяне на гэтым тыдні насмяшылі мае знаёмыя і знаёмыя маіх знаёмых.

Яны, аказваецца, чакалі кожны нумар газеты, каб паглядзець, ці заўважна я схуднела. Крытычным позіркам аглядалі вось гэту выяву зверху старонкі і моршчыліся: ды ну, нешта не відаць…

Дык вось, праз два месяцы трэніровак я хачу сказаць: гэты здымак зроблены тады, у самым пачатку.

На сённяшні дзень сваю мэту ў 10 кілаграмаў я выканала.

І, ведаеце, я не заўважаю на сабе захопленых позіркаў. Відаць, каб гэта здарылася, трэба брацца за другую дзясятку.

Працяг будзе. А ў бліжэйшых нумарах чакайце фотасправаздачу з залы.