Білет на адну паездку, як чакаецца, падаражэе на 5 капеек. Пра гэта TUT.BY паведамілі крыніцы, звязаныя з “Мінсктрансам” і аблтрансам.

– Павышэнне кошту праезду плануецца па ўсёй краіне на адну і тую ж суму – 5 капеек. Што ў Віцебску, што ў Брэсце, што ў Полацку, – распавёў гендырэктар “Віцебскаблаўтатранса” Васіль Дзятлаў. – Думаю, што да Новага года цэны падымуцца.

Гэтую інфармацыю таксама пацвердзіў гендырэктар “Брэстаблаўтатранса” Ананій Хвасцюк.

– Пытанне павышэння кошту праезду ў грамадскім транспарце на 5 капеек разглядаецца, але яно пакуль не вырашанае. Мы чакаем, што ў снежні павысім кошт праезду, але дакладную дату сказаць не магу, – удакладніў Ананій Хвасцюк. – Нам неабходна большае павышэнне тарыфаў, але многае залежыць ад плацежаздольнасці насельніцтва, таму стрымліваюць павелічэнне кошту праезду.

Па словах Хвасцюка, у абласных цэнтрах кошт праезду пасля павышэння складзе 45 капеек.

У Мінску маюць намер падняць на 5 капеек цэны на праезд у наземным грамадскім транспарце, так і ў метро. Такім чынам, паездка ў сталічным наземным грамадскім транспарце будзе каштаваць 55 капеек, а ў метро – 60.

Пры гэтым праязныя, як чакаецца, у сталіцы падаражэюць на 5%. Акрамя таго, “Мінсктранс” таксама збіраецца ўвесці праязныя на суткі і двое сутак.

“Наша Ніва” паводле TUT.BY.