Рэгіянальны каардынатар “Зялёнага дазору” Ігар Пастухоў бʼе трывогу: на нераставых ручаях і рэках у Астравецкім раёне знойдзена шмат смецця.

– Адзінае захаванае месца нерасту ласасёвых рыб у Беларусі належыць да прыродных тэрыторый пад асаблівай аховай. Але чыстыя і запаведныя некалі мясціны сёння ператвараюцца ў сметнік. Актывісты падрыхтавалі зварот да мясцовых уладаў, у Астравецкае лясніцтва і санстанцыю з патрабаваньнем разабрацца з праблемай сметнікаў у заказніках”, – паведамляе партал Зялёны дазор.

Балтыйскі ласось нерастуе ў беларускіх рачулках Тартак, Сенканка, Кемеліна, Дудка, Петраполь. З 2015 годзе гэтыя тэрыторыі абвешчаныя заказнікамі.

– Рака Сенканка яшчэ 20 гадоў таму лічылася самай ласасёвай рэчкай у рэгіёне. Вёска Кулішкі знаходзіцца на беразе ракі і расцягнулася амаль на тры кіламетры. Але цяпер у рацэ замест ласосяў „нерастуе“ смецце, скінутае ў раку мясцовымі жыхарамі. З фермы вёскі Сыманелі ў раку пэрыядычна выліваюцца брудныя воды ўжо многія гады, а побач з маляўнічай і старажытнай запрудай, якая ўтварае сажалку, у бурлівым патоку плавае труп сабакі. У каньёне Свіранскага ручая, турыстычным маршруце выхаднога дня, як і тысячы гадоў таму, па-ранейшаму бʼюць крыштальныя крыніцы, але сёння від на гэты цуд схаваны за чарговай вясковай звалкай. Побач знаходзяцца вёскі Плехаці і Вялікія Свіраны. Валанцёры „Зялёнага дазору“ назіралі, як па Свіранскім ручаі, які ўпадае ў прыгажуню раку Вілію, разам з восеньскім лісцем міма балцкага кургана спрабуе сплысці ў раку Вілію… халадзільнік, – кажа Ігар Пастухоў.

Ігар Пастухоў звяртае ўвагу, што не толькі нераставыя ручаі занядбаныя і ператвораныя ў звалкі: у такім стане і наваколле, і сама панская сядзіба ў вёсцы Тракенікі. Сядзібны комплекс мастака жывапісца Богуша-Шышкі сёння ўяўляе сабой вартае жалю відовішча.

Актывіст з сумам канстатуе, што найпрыгажэйшы рэгіён губляе сваё хараство:

Так выглядаюць берагі рэк у Астравецкім раёне. Фота grodno.greenbelarus.info.

Так выглядаюць берагі рэк у Астравецкім раёне. Фота grodno.greenbelarus.info.

– На жаль, дзіўны па прыроднай прыгажосці Астравецкі раён вяне і чэзне. Як перліна, якая тоне ў гнаі. Вазьміце, да прыкладу, нашумелую гісторыю са смецьцем у ландшафтным заказніку Сарачанскія Азёры, якая яшчэ не скончылася. Або гісторыя са спілаванымі астравецкімі дубамі, якую шырока асвятлялі ў медыях. Такое ўражанне, што ў Астравецкім раёне негалосна абвясцілі вайну прыродзе на ўсіх франтах! Але як жа можна рэалізаваць дзяржаўную праграму па захаванні нерасцілішчаў ласасёвых рыб, развіцьці турызму ў такім змрочным фармаце!

Актывіст Ігар Пастухоў спадзяецца, што зварот, пад якім ужо падпісаліся 45 чалавек, дапаможа прыбраць звалкі і ліквідаваць парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства.