Чэргі на беларуска-літоўскай мяжы могуць стаць меншымі. У 20 кіламетрах ад папулярнага сёння “Каменнага Логу” ў хуткім часе адкрыюць новы міжнародны пункт пропуску “Лоша-Шумскас”. 13 снежня гэтыя планы дэпутаты ўхвалілі ў парламенце.

Зараз у Лошы працуе спрошчаны пункт пропуску, праз які трапіць у Літву могуць толькі жыхары памежжа. У пагранкамітэце кажуць, што Беларусь ужо гатовая адкрыць на гэтым месцы міжнародны калідор. Цяпер справа за літоўскім бокам.

Гэта палегчыць рух нашых грамадзян і грамадзян сумежнай краіны праз пункт пропуску “Каменны лог”, які выклікае ў людзей пытанні ў сувязі з наяўнасцю вялікіх чэргаў. Пункт пропуску “Лоша” знаходзіцца ад яго ў непасрэднай блізкасці і возьме на сябе паток легкавога транспарту і іншых транспартных сродкаў,  сказаў першы намеснік старшыні дзяржаўнага памежнага камітэта Ігар Буткевіч.

Ён таксама пракаментаваў нядаўнюю сітуацыю з аўтобуснымі чэргамі на ўезд у Беларусь з боку Літвы. Тады некаторым пасажырам прыйшлося прастаяць у “Каменным Логу” па 13 гадзін. Па словах Ігара Буткевіча, такая сітуацыя склалася з-за вялікага патоку транспарту напярэдадні святаў.

Ёсць ўстаноўленая працэдура афармлення аўтобусаў. Памежнікі і мытнікі абавязаны ва ўсіх праверыць дакументы, даглядзець тыя тавары і грузы, якія грамадзяне з сабой вязуць, патлумачыў Ігар Буткевіч.  Мы бачым, што робіцца ў свеце, і не ўсе ва ўсіх грамадзян добрапрыстойныя мэты. Памежнікі і мытнікі адказваюць і за бяспеку краіны. І мы абавязаны старанна аглядаць ўсіх. Асабліва на ўездзе ў Беларусь.

Ігар Буткевіч таксама сказаў, што пасля той няштатнай сітуацыі памежны камітэт павялічыў колькасць работнікаў у кожнай змене.