Шостага снежня Ніна Аляксандраўна і Міхаіл Уладзіміравіч Габрыновічы адзначылі  залатое вяселле.

Спачатку іх дзеці і ўнукі меркавалі, што бабуля з дзядулем пагодзяцца на ўрачыстую рэгістрацыю ў Маладзечанскім ЗАГСе, але ў апошнюю хвіліну, нягледзячы на новы куплены гальштук, Міхаіл Уладзіміравіч перадумаў:

– Ды навошта нам тая паказуха! Жывём і жывём.

А знаёмыя Ніна Аляксандраўна і Міхаіл Уладзіміравіч амаль усё жыццё.

– Разам у школу ха­дзілі, у першую, – расказвае Ніна Аляксандраўна. – Потым ён у войска пайшоў, пісалі пісьмы адно аднаму, а як вярнуўся, разам сталі працаваць на харчовым камбінаце. Там і вырашылі пажаніцца.

– Прапанову Ніне Аляксандраўне як рабілі?

– Ды якую там прапанову? Якія  там прызнанні ў каханні! – адмахваецца Міхаіл Уладзіміравіч, – паехалі і распісаліся. У будны дзень нават.

– Але ж і вяселле было, – удакладняе Ніна Аляксандраўна.

– Яе бацькі да мяне прычапіліся: трэба вяселле! Я тады яшчэ сказаў: “Якое вяселле, бу­дзеце ўпірацца, развядуся!”

Але ўсё ж на вяселле Міхаіла Уладзіміравіча ўгаварылі.

Праз год у маладых, а на той час Ніне было 22 гады, а Міхаілу – 23, нарадзілася дачка Наташа, а яшчэ праз шэсць гадоў – сын Віталь.

Цяпер у шчаслівых бабулі з дзядулем ужо тры ўнукі і нават дзве праўнучкі.

Пытацца пра тое, як удалося пражыць разам 50 гадоў,  справа няў­дзячная. Вядома, за гэтыя гады было шмат рознага.

Міхаіл Уладзіміравіч працаваў на фабрыцы музычных інструментаў наладчыкам.

– Пасля на ЗМК перайшоў, думаў там маліна будзе, – кажа Міхаіл Уладзіміравіч, – а на пенсію ўжо з чыгункі пайшоў.

А Ніна Аляксандраўна ўсё жыццё адпрацавала поварам у Лебе­дзеўскай бальніцы.

– Я вельмі любіла да бабулі на працу прыходзіць, – далучаецца да размовы ўнучка Кацярына. – У адну палату зойдзеш, там па­частуюць, у другой таксама нешта смачненькае дадуць. А дзядуля быў паляўнічым.

Паляваў Міхаіл Уладзіміравіч ў Верадове.

– О, якія там пушчы былі. Прыносіў і лісіц, і зайцоў, і качак.

– Сабак дзядуля многа трымаў, – успамінае Кацярына. – І ў чатыры раніцы перад паляваннем заўсёды мяне бу­дзіў, каб скласці яму кампанію папіць чаю.

Сёння “маладыя”, вядома, на пенсіі. Раней гаспадарку трымалі, цяпер ад вялікай гаспадаркі засталіся тры трусікі і кот.

Параўноўваючы час, кажуць, што раней лепей было.

– Дык мы калі ў па­чатку 70-х пераехалі ў Лебедзева, тут 500 двароў было. І лазня.

Скардзяцца Ніна Аляксандраўна і Міхаіл Уладзіміравіч, што лазню ў Лебедзеве зачынілі.

– Раней як было, сюды прыходзілі мыцца і старшыня калгаса, і ўсё начальства, і жыхары Лебедзева, – кажа Міхаіл Уладзіміравіч.

– А чарга якая была, трэба было больш за гадзіну адседзець, каб трапіць памыцца, – дадае Ніна Аляксандраўна.

А цяпер лазні не стала. Нязручна сталым людзям ездзіць у горад да дзяцей і ўнукаў, каб памыцца, але што зробіш. Іншага выйсця няма.

Пытаюся ў Міхаіла Уладзіміравіча, напэўна, жонка-паварыха ўсё жыццё карміла смачнымі стравамі.

– Якая ў вас любімая?

– Пад шклянку ўсё смачна. 

А калі сур’ёзна, то на сваё застолле да 50-годдзя сумеснага жыцця Ніна Аляксандраўна нагатуе шмат смачных страў, асабліва так любімы ўнукамі пячоначны торт.

Шафу, якая цяпер дзеліць вялікі пакой напалову, ссунуць да сцяны, каб вызваліць месца для сталоў і танцаў.

А танцы і песні будуць. Бо гэта таксама сямейная традыцыя  – заспяваць усім разам любімую дзедаву песню: “ Расцвела под окошком  белоснежная вишня”.