Усяго выстаўлена больш за 300 кантрольных пастоў і плануецца правесці каля дзвюх тысяч рэйдаў, распавялі ў Міністэрстве.

Будуць выкарыстоўвацца фота- і відэапасткі. На дадзены момант у лясгасах краіны выкарыстоўваецца звыш 470 такіх пастак. Іх размяшчаюць у месцах, дзе часцей за ўсё незаконна сякуць лес. Напрыклад, каля дачных і садовых участкаў.

За знішчэнне або пашкоджанне дрэва ці кустоўя ў асабліва ахоўных лясах фізічнай асобе пагражае штраф ад 5 да 50 базавых велічынь (ад 105 да 1050 рублёў), прадпрымальнікі могуць быць аштрафаваныя на 420-4200 рублёў (20-200 базавых велічынь), а юрыдычныя асобы атрымаюць штраф ад 50 да 300 базавых велічынь (1050-6030 рублёў).

У астатніх лясах ляснога фонду за аналагічныя правапарушэнні прадугледжаны штрафы да 30 базавых велічынь для грамадзян (да 630 рублёў), для індывідуальных прадпрымальнікаў ад 10 да 150 (210 да 3150 рублёў), а для юрыдычных асоб – ад 50 да 300 базавых велічынь (1050-6030 рублёў).

Акрамя таго, за кожнае ссечанае навагодняе дрэва дыяметрам ля пня да 12 см вінаватыя абавязаныя будуць пакрыць шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю, у памеры ад 0,1 да 0,2 базавай велічыні (2,1 да 4,2 рублёў), у залежнасці ад месца здзяйснення парушэння, а таксама кошт самога дрэва пры немагчымасці яго канфіскацыі – 1 базавую велічыню (21 рубель).

У Мінлясгасе таксама адзначылі, што з 21 снежня адкрыюцца кірмашы, на якіх будуць прадаваць елкі і навагоднія букеты: больш за 175 тысяч дрэў гатовыя да продажу.

Ужо названыя прапанаваныя рознічныя кошты: елкі вышынёй да аднаго метра – 8-16 рублёў, да двух – 10-21 рублёў, да трох метраў – 12-25 рублёў.

У параўнанні з мінулым годам дрэвы падаражэлі ў сярэднім на 1 рубель.