За апошні год рэзка падаражэла грэчка. На сёння ў крамах не знойдзеш грэчкі таннейшай за 2,4 рублі ў пераліку за кілаграм. Агулам цэны на яе вагаюцца ў прамежку 2,4-4 рублі за кілаграм.

Між тым яшчэ ўвесну цэны на грэчку складалі ў асноўных гандлёвых сетках 2-2,5 рублі за кілаграм.

Цэны на грэчку звычайна залежаць ад яе ўраджайнасці на Перадураллі, у Сібіры і Кітаі, дзе вырошчваюцца асноўныя аб’ёмы гэтай збажыны. Беларусь вырошчвае і сваю грэчку, але яна збольшага ідзе па дзяржзамове ў бальніцы, школы, інтэрнаты па зніжаных цэнах.

Выраслі цэны і на масла. На сёння масла ў крамах не знойдзеш таннейшага за 2,2 рублі ў пераліку на 200 грамаў. Цэны агулам вар’іруюцца ад 2,2 да 3 рублёў у пераліку за 200-грамовы пачак.

Параўноўваю са сваімі чэкамі гадавой даўніны: масла каштавала тады 1,58-2,2 рублі. Такім чынам, рост цаны склаў каля 40% за год.

Прыкладна на столькі ж даражэйшы стаў і сыр.

Праўда, тут цяжэй правесці параўнанне, бо беларускія вытворцы часта мяняюць назвы сыроў і іх упакоўку.

Цяпер цэны на цвёрды жоўты сыр, нават не спелы, складаюць пераважна ад 10 да 18 рублёў за кілаграм.

Паводле “Нашай Нівы”.