Жонка Алеся Юркойця, аднаго з мытнікаў, што праходзяць па справе аб карупцыі на Ашмянскай мытні, трапіла ў аварыю па дарозе на суд.

Ганна Юркойць ехала на суд у Мінск і вылецела з ледзяной дарогі ў кювет, паведамляе радыё “Свабода”.  Яна пашкодзіла хрыбетнік. Ёй месяц сказалі не ўставаць”.

Адвакат Юркойця прасіў у сувязі з гэтым змяніць Алесю меру стрымання. Аднак супраць выступіў пракурор, і суд падтрымаў яго пазіцыю.

У выпадку калі Ганна Юркойць не здольная даглядаць старую свякроўку і траіх дзяцей, суд парэкамэндаваў перадаць іх органам апекі.

Сябры Алеся Юркойця ўпэўненыя, што ён трапіў у турму выпадкова, бо следчы ўжыў прынцып калектыўнай адказнасці.

Большасць мытнікаў Ашмянскай мытні прызналі сваю віну. Юркойць і яшчэ некалькі чалавек віны не прызналі. Яны сцвярджаюць, што хабару не бралі. Следчы мяркуе, што “на лапу” начальнікі размяркоўвалі паміж усімі мытнікамі.

Бізнэсовец, які даваў мытнікам хабар, таксама арыштаваны. Пад ваннай у яго выявілі два мільёны даляраў наяўнымі.

Мытнікі, што прызналіся, атрымлівалі прыкладна па сто даляраў за бесперашкодны пропуск кожнай фуры з кветкамі, што кіравалася з Еўрасаюза ў Расію і Казахстан.

Следства цягнулася вельмі доўга, Юркойць застаецца ў турме ўжо два гады.

Незвычайны момант у тым, што Юркойць беларускамоўны і быў арганізатарам культурнага жыцця ў сябе ў рэгіёне.

Сваёй віны ён не прызнае.