Суд Смаргонскага раёна вынес прыгавор жыхару Солы, абвінавачанаму ў трайным забойстве  – пажыццёвае зняволенне з адбываннем пакарання ў калоніі асаблівага рэжыму.

Страшная трагедыя разыгралася ў Солах ноччу 12 чэрвеня. Ўсхваляваная мясцовая жыхарка Аляксандра патэлефанавала ў міліцыю і паведаміла, што яе 33-гадовы муж Уладзімір параніў яе і забіў трох чалавек. Ад рук раз’юшанага раўніўца загінулі 35-гадовы Сяргей, яго 62-гадовы бацька Леанід і 47-гадовая сужыцелька бацькі Ірына.

Усе, і ахвяры, і абвінавачаны, і яго жонка на момант злачынства былі п’яныя. Пазней экспертыза пакажа: у крыві ва Уладзіміра было 2,8 праміле. У Солах дагэтуль успамінаюць гэты выпадак, многія сачылі за судовымі пасяджэннямі, якія праходзілі ў Смаргоні з 5 снежня. Справу разглядала судовая калегія па крымінальных справах Гарадзенскага абласнога суда.

На судовых пасяджэннях абвінавачваны Уладзімір Трыфанаў падрабязна распавядаў, як усё адбылося: як у той дзень жонка выпівала, адзначаючы выпускны сына, як яны пасварыліся і яна пайшла да суседзяў.

Як убачыў у акно голых яе і суседа Сяргея, як яшчэ стаяў нейкі час на вуліцы, як пайшоў дадому і выпіў там 200 грамаў гарэлкі, узяў нож і вярнуўся да хаты суседзяў. I ў цемры, “не памятаючы сябе”, здзейсніў забойства. Пра тое, чаму ён забіў трох чалавек, гаварыць на судзе не хацеў. Сцвярджаў, што не памятае падрабязнасцяў.

І сваякі, і мясцовыя жыхары сыходзяцца ў адным – прычынай такой страшнай трагедыі сталі алкаголь і рэўнасць.

21 снежня Уладзімір Трафімаў звярнуўся з апошнім словам да суддзі і прысутным:

– Прабачце, што прычыніў вам такі боль, пазбавіў вас бацькоў і брата. Я моцна каюся ў гэтым… Клянуся вам, што не хацеў гэта рабіць. Мне сапраўды вельмі шкада, што гэта здарылася, і яшчэ раз прашу ў вас прабачэння.

Звярнуўся абвінавачаны і да сваёй жонкі, якая старалася на мужа не глядзець і ўвесь час адводзіла вочы.

– Бачыш, да чаго прыводзіць каханне? Жорсткая рэч, можна сказаць… Колькі гадоў пражыць разам і атрымаць такі ўдар у спіну …

Уладзіміра Трыфанава прысудзілі да пажыццёвага зняволення з адбываннем пакарання ў калоніі асаблівага рэжыму. Таксама ён павінен выплаціць 10 тысяч беларускіх рублёў па матэрыяльным пазове сястры забітага Сяргея.

Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу. У пацярпелых і абвінавачанага ёсць час, каб яго абскардзіць.

Пра гэта піша сайт тут.бай.