Сёлета на вуліцах Вілейкі ўсталявалі святладыёдныя ліхтары.

Дзе знайшлі сродкі на іх? Пра гэта расказала былы галоўны архітэктар Вілейскага раёна Галіна Кажарновіч.

 Па выніках 2015 года Вілейка перамагла па трэцяй катэгорыі ў рэспубліканскім аглядзе добраўпарадкавання населеных пунктаў.

За гэта горад атрымаў пераходны вымпел, пасведчанне і грашовую прэмію ў дзве тысячы базавых велічынь. Па словах Галіны Кажарновіч, амаль усе грошы, атрыманыя на добраўпарадкаванне горада, патрацілі на святлодыёдныя.

Спецыяльнай службы, якая б займалася асвятленнем горада, у Вілейцы няма. Традыцыйна работы такога накірунку выконвае ЖКГ.

Тут растлумачылі, што супрацоўнікі гэтай арганізацыі і ліхтарамі займаюцца, і святочнай ілюмінацыяй.

А ў некаторых гарадах рэгіёна, напрыклад, у Маладзечне, за вулічнае асвятленне адказваюць супрацоўнікі арганізацыі “Гарсвятло”.

У ЖКГ расказалі, што перад тым, як усталяваць  энергазберагальныя ліхтары, трэба ўлічыць шмат умоў. Напрыклад, кліматычныя асаблівасці тэрыторыі, негатыўнае ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Улічваюць таксама і тое, наколькі інтэнсіўны аўтамабільны рух на тым ці іншым участку дарогі.

Па словах спецыялістаў, важна, каб у такіх лямпачак быў моцны светлавы струмень. Не менш істотна тое, каб яны працавалі на працягу доўгага тэрміну. Бо, як кажуць спецыялісты, замена такіх лямпачак – даволі дарагая і нялёгкая працэдура.

Вялікі плюс новых крыніц святла – больш нізкае спажыванне энергіі і больш доўгі тэрмін работы.

Аднак лямпачкі, устаноўленыя сёлета, – гэта не першы досвед выкарыстання энергазберагальных свяцільнікаў у Вілейцы.

Напрыклад, як расказалі ў аддзеле архітэктуры Вілейскага райвыканкама, на цэнтральнай плошчы і яны паспяхова гараць ужо больш за год. Частку натрыевых лямпачак замянілі на святлодыёдныя ліхтары перад абласнымі дажынкамі ў 2015 годзе.

У гэтым накірунку мы не пачалі, а працягнулі працу, – кажуць у аддзеле архітэктуры Вілейскага райвыканкама.

У іншых гарадах рэгіёна такія ліхтары ёсць таксама. У ЖКГ Астраўца расказалі, што ўстанаўліваць іх пачалі два гады таму. На сённяшні дзень у горадзе энергазберагальных ліхтароў больш за 50. Святлодыёдны пакуль адзін.