Першы міжнародны форум-семінар творчых майстэрняў МалАда прайшоў у Маладзечанскім дзяржаўным каледжы імя Агінскага  4 – 15 снежня.

Праект адбыўся пры падтрымцы Міжнароднай гільдыі маладых кампазітараў і музыка­знаўцаў MolOt international group і маладзёжнага аддзялення Саюза кампазітараў Расіі.

У семінары прынялі ўдзел восем маладых творцаў з Беларусі, Расіі і Малдовы. Адбор ­удзельнікаў ажыццяўляўся мастацкім саветам МалАда сярод найбольш актыўных членаў арганізацыі. Іх галоў­най мэтай стала стварэнне твораў для сімфанічнага аркестра і голасу, прысвечаных класіку беларускай паэзіі Максіму Багдановічу, 125-годдзе якога адзначаецца ў снежні 2016 года.

Па словах арганізатараў, унікальнае значэнне гэтага форуму ў тым, што  нават у гісторыі СССР ніколі не право­дзіліся сімфанічныя семінары. Гэта гістарычная падзея як для каледжа, так і для кампазітарскай супольнасці.

Для правядзення лекцый, майстар-класаў, “круглых сталоў”, творчых сустрэч, індывідуальных заняткаў былі запрошаныя майстры кампазіцыі, музыка­знаўства і выканальніцкага мастацтва, сярод якіх Яраслаў Судзі­лоў­скі, Марк Пекарскі, Сяргей Увараў (Масква), Артур Заб­нін, Настасся Хрушчова (Санкт-Пецярбург), Сняжана Пыслар (Кішынёў), Аляксей Пілатаў (Мінск). Напрыклад, скрыпач і кампазітар, кіраўнік Санкт-Пецярбургскага МалАд-ансамбля Артур Заб­нін правёў серыю лекцый і майстар-класаў для музыкантаў-струннікаў.

Марк Пекарскі – чалавек-легенда, літаральна ты­дзень назад яго ансамблю ўдарных інструментаў споўнілася  сорак гадоў. Кандыдат мастацтвазнаўства аспірант Маскоўскай кансерваторыі  Сяргей Увараў не толькі правёў заняткі для музыказнаўцаў, але і вучыў навучэнцаў каледжа браць інтэрв’ю, бо з’яўляецца намеснікам начальніка аддзела культуры адной з расійскіх газет.

– Семінар атрымаўся прадуктыўным і шмат­гранным: і для кампазітараў, і для выканаўцаў. Для кампазітараў былі створаныя ідэальныя ўмовы для напісання сачыненняў. Адбыліся дзве рэпетыцыі з аркестрам, каб яны пачулі тое, што ў іх атрымалася. Гэта неацэнны досвед. Прадуктыўна папрацавалі. Уразіў самы малодшы ўдзельнік форуму Нікіфар Якаўлеў з Якуціі, які за тры дні напісаў 25 старонак партытуры, – адзначыў выкладчык Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага, старшыня БеларусьМалАд, сакратар праўлення беларускага грамадства сучаснай музыкі Аляксей Пілатаў.

Акрамя гэтага, госці культурнай сталіцы наведалі філіял Літаратурнага музея Максіма Багдановіча “Фальварак Ракуцёўшчына”, музей-сядзібу Міхала Агінскага ў Залессі, Нясвіжскі і Мірскі замкі. Усім вельмі спадабаўся горад Маладзечна: мала машын, паветра чыстае, парк, амфітэатр – усё для творчасці.

– Цудоўны семінар, праграма вельмі насычаная. Я не шкадую, што пераадолеў шмат кіламетраў. Галоўнае, не адлегласць, а ўражанні, якія мы тут атрымалі, – падзяліўся па­чуццямі Ільдар Камалаў з Казані.

Другі заезд удзельнікаў форуму, прысвечаны стагоддзю памяці Максіма Багдановіча, адбу­дзецца 24-29 красавіка 2017 года.

Першы міжнародны семінар-форум маладых кампазітараў завершыцца сімфанічным канцэртам з твораў семінарыстаў у выкананні сімфанічнага аркестра МДМК імя Агінскага пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь кавалера ордэна Францішка Скарыны Рыгора Сарокі. Дырэктар каледжа плануе зрабіць гэты форум штогадовым.