Стварыць навагодні настрой можна па-рознаму. Глядзець старыя святочныя мультфільмы. Майстраваць упрыгожванні для ёлкі. Скрынямі закупляць мандарыны. Раздаваць даўгі.

А можна наведаць выставу “Зімовыя фантазіі”. Яе зладзілі супрацоўнікі вілейскага  краязнаўчага музея. Выстава адкрылася 14 снежня ў зале імя Нікадзіма Сілівановіча.

– Такую выставу мы ладзім штогод. Але раней арганізоўвалі яе ўжо пасля Новага года, бліжэй да 7 студзеня, – расказала навуковы супрацоўнік музея, арганізатар выставы Надзея Аўдзей.

Аднак пасля Новага года, па словах жанчыны, адпаведнага настрою ні ў арганізатараў, ні ў наведнікаў ужо не было. Святочная эйфарыя да гэтага часу праходзіла, мерапрыемства не было такім актуальным. Таму сёлета вырашылі зрабіць выставу раней.

Настаўніца Алена Мацюшонак са сваімі вучнямі.

Настаўніца Алена Мацюшонак са сваімі вучнямі.

Удзельнічаюць і пенсіянеры, і школьнікі

У такі час, кажа Надзея, экспанаты сабраць больш складана. Бо якраз у школах праводзяць падобныя выставы. Аднак супрацоўнікі музея актыўна шукалі ўдзельнікаў, шырока анансавалі сваё мерапрыемства, агітавалі і школьнікаў, і дарослых жыхароў горада.

У выніку ў выставе прынялі ўдзел вучні гімназіі “Логас” разам са сваім кіраўніком, настаўніцай выяўленчага мастацтва Аленай Мацюшонак. Шмат прац, у тым ліку і сімвал года – мяккага Пеўніка, – прадставіў вілейскі Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Наведвальнікі складаюць адвент-каляндар. Фота Аксаны Ярашонак.

Наведвальнікі складаюць адвент-каляндар. Фота Аксаны Ярашонак.

Адметнасць сёлетняй выставы ў тым, што на ёй ёсць работы сталых людзей, якія наведваюць гурткі для пенсіянераў ў вілейскім цэнтры сацыяльнага абслугоўвання. Тут робяць паштоўкі, цацкі, рэчы з гліны.

Па словах дырэктара цэнтра Марыны Макаравай, у рамках арт-лабараторыі “Добрыя рэчы” ў цэнтры шмат працуюць не толькі са сталымі людзьмі, а з усімі, каму цікава ствараць нешта ўласнымі рукамі. Сюды запрашаюць рамеснікаў, ладзяць майстар-класы.

Своеасаблівым “пачаткам ” выставы стаў праект-конкурс “Арт-ёлка”, арганізаваны некалькі год таму. Тады жыхары горада выстаўлялі самаробныя ёлкі, навагоднія цацкі. Аднак конкурс хутка “прыеўся”, а працягу каляднай тэматыкі хацелася. Такім працягам і стала выстава “Зімовыя фантазіі”.

Сёлета ў выставачнай зале наведнікі ўбачаць навагоднія малюнкі, вышываныя карціны, ёлачныя цацкі з розных матэрыялаў, навагоднія паштоўкі, рэчы з гліны, калядныя вянкі, свяцільнікі, ёлкі разных памераў, паштоўкі, зробленыя ў тэхніцы “скрапбукінг”.

А пра карункі фрывалітэ, прадстаўленыя на выставе, Надзея расказала гісторыю. Аказваецца, майстры ў Францыі плялі такія карункі ў часы Людовіка 14. А сёння такім пляценнем займаюцца ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання.

Маленькая наведвальніца прыйшла на выставу з мамай.

Маленькая наведвальніца прыйшла на выставу з мамай.

Як стварыць сабе настрой з дапамогай календара

Кожная выстава адрозніваецца адна ад другой, бо мае сваю “фішку”. На гэты раз “фішкай” стаў адвент-каляндар – маленькія пранумараваныя канверты. Паўдзельнічаць у запаўненні такога календара мог кожны. У канверты наведнікі клалі запіскі з самымі важнымі справамі, якія неабходна зрабіць да Новага года.

Надзея Аўдзей расказала, што першы адвент-каляндар з’явіўся ў 19 стагоддзі ў асяроддзі немцай-лютэранаў. Тады ён называўся каляндар чакання. Колькасць дзён да Каляд пазначалі палачкамі, малюючы іх крэйдай на сцяне або на дзвярах. Кожны дзень сціралі па адной палачцы.

Надзея Аўдзей расказала пра традыцыю складання адвент-календара.

Надзея Аўдзей расказала пра традыцыю складання адвент-календара.

Адвент з лацінскай мовы перакладаецца, як “прышэсце”, “надыход”.

Першы надрукаваны адвент-каляндар выдаў у Германіі Герхард Ланг, які працаваў у друкарні ў Мюнхене. У яго дзяцінстве за 24 дні да Каляд мама кожны дзень прымацоўвала па адной цукерцы да паштоўкі, каб стварыць сыну святочны настрой.

У 1908 годзе яго фірма ўпершыню прадставіла адвент-каляндар з 24 малюнкамі.

Затым каляндар удасканалілі. У ім зрабілі маленькія дзверцы, за якімі маглі хавацца ласункі альбо фрагменты з Бібліі. Менавіта гэтая версія календара стала найбольш запатрабаванай.

У 30-я гады мінулага стагоддзя друкарня Ланга зачынілася, але за гэты час ён стварыў каля 30 розных адвент-календароў.

Пасля Другой сусветнай вайны немец Рыхард Зелмер са Штутгарта узнавіў выпуск друкаваных калядных календароў.

На пастасавецкай прасторы пра адвент-каляндар даведаліся нядаўна. Такі каляндар не толькі стварае перадсвяточны настой, але і ўпрыгожвае дом перад Калядамі.

Наведаць выставу можна да 8 студзеня.

Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП101166185.