“Толькі ўяві” – так называўся фільм, што паказалі ў кінатэатры “Радзіма” 15 снежня. Назва сімвалічная, калі ўлічыць, што кіно гэтае разлічанае на невідушчых і людзей, якія дрэнна бачаць.

У Маладзечне такі асаблівы фільм паказалі ўпершыню. Да гэтага былі прагляды ў Мінску і Гродне.

Па словах арганізатара прагляду, кіраўніка праекта “Кіно без межаў” Аляксандра Калошы, у Беларусі інваліды па зроку доўгі час не маглі глядзець фільмы без дапамогі іншых людзей, якія каментавалі ім усё, што адбывалася на экране.

На сённяшні дзень дзякуючы аўдыёдыскрыпцыі – кароткаму гукавому каментарыю – у невідушчых людзей такая магчымасць з’явілася. За мяжой аўдыёдыскрыпцыя – ужо даўно распаўсюджаная з’ява. З ёй выходзяць 30% фільмаў.

Праект пачынаўся з польскіх фільмаў. “Уяві сабе” – таксама польскае кіно.

Аднак аргнізатары праекта ўжо заключылі дагавор з “Беларусьфільмам” на аўдыёдыскрыпцыю 12 твораў. Зроблены пакуль чатыры: “Горад майстроў”, “Белыя росы”, “Прыгоды Бураціна” і “У жніўні 44-га”.

 – Галоўная наша праблема – гэта грошы, – падзяліўся Аляксандр Калоша.

Па словах мужчыны, аўдыёдыскрыпцыя – вельмі дарагая. У Расіі адаптаваць адзін фільм для невідушчых каштуе прыкладна чатыры з паловай тысячы долараў.

У Беларусі, кажа Аляксандр, усё атрымліваецца танней. Бо шмат працы людзі робяць на валанцёрскіх умовах. Распаўсюджваюцца дыскі з адаптаванымі фільмамі па бібліятэках Беларусі таксама бясплатна. Уваход у кінатэатр на такія паказы заўсёды вольны.

Адаптаваць фільм для невідушчых не толькі дорага, а яшчэ і патрабуе напружанай працы ад дыктара. Ёсць шмат патрабаванняў да аўдыёдыскрыпцыі. Агучваць трэба ярка, лаканічна, аб’ектыўна, абавязкова толькі ў цяперашнім часе, укладаючыся паміж дыялогамі герояў.

 Фільм “Толькі ўяві” адаптаваны для невідушчых, але яго карысна будзе паглядзець і звычайным людзям, каб лепш зразумець тых, хто мае сур’ёзныя праблемы са зрокам, упэўнены Аляксандр Калоша.

У зале на праглядзе прысутнічалі дарослыя інваліды па зроку, вучні з маладзечанскай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі зроку, прадстаўнікі прадпрыемства “Энва”, жыхары горада.

Даведка “РГ”

Аўдыёдыскрыпцыя (тыфлакаментаванне) – лаканічнае апісанне прадмета, прасторы або дзеяння, якія незразумелыя невідушчаму або чалавеку, які дрэнна бачыць, без спецыяльных тлумачэнняў.

Упершыню тыфлакаментаванне арганізавалі ў Савецкім Саюзе ў Маскве ў 1978 годзе. Узнікненне і фарміраванне тыфлакаментавання было амаль адначасовым і ішло паралельна як на Захадзе, так і ў СССР да часоў перабудовы. Паколькі гэтыя працэсы не перасякаліся, з’явіліся два тэрміны для абазначэння такога віду дзейнасці: тыфлакаментаванне – у СССР і аўдыёдыскрыпцыя – за мяжой.