Брытанскі сайт Family Break Finder сабраў на адной карце турыстычныя слоганы ўсіх краін свету. А сайт 34travel.me заўважыў самыя цікавыя з іх. 

Так, слоганы некаторых краін проста з ходу запрашаюць турыстаў у госці: “Падарожжа ў Славакію –  добрая ідэя” або “Будзь нашым госцем” (Турцыя).

Іншыя падкрэсліваюць індывідуальнасць сваёй краіны: “Аўстралія адна такая” або “Тут усё пачыналася” (Егіпет).

Ёсць слоганы, якія адрозніваюцца сваёй арыгінальнасцю: “Лепш атрымліваць асалоду  павольна” (Латвія) і “Калумбія – гэта магічны рэалізм”. Асабліва цікавыя тыя, што пабудаваныя на гульні слоў: “I feel sLOVEnia”, які можна прачытаць як “Я адчуваю Славенію”  і адначасова “Я адчуваю каханне”. Два значэння счытваецца і ва ўкраінскім слогане “It’s all about U”: “Гэта ўсё пра цябе” і “Гэта ўсё пра Украіну”.

Выклікае ўсмешку слоган Манголіі, які можна перакласці як “Качуйце!”, або невялікая краіна Сальвадор у сваім слогане падкрэсліла свае памеры: “45-хвілінная краіна”. Гэты слоган можна зразумець, як тое, што ўсю краіну можна ўбачыць за 45 звілін.

Беларусь адзначана на карце слоганам “Гасціннасць без межаў”, які ўжо састарэў. У мінулым годзе на турыстычнай выставе ў Лондане беларускі стэнд быў прадстаўлены слоганам “Беларусь – Terra Incognita ў сэрцы Еўропы”. На дадзены момант наша краіна знаходзіцца ў пошуках ідэальнага турыстычнага слогана.

А пакуль мы разам з 10-класнікамі 12 школы Наталляй Яцкевіч, Янай Кштальтнай, Максімам Аксёнавым і Ірынай Бубновай паспрабавалі перакласці для вас самыя цікавыя слоганы.

Дапамагала нам у гэтым іх настаўніца англійскай мовы Ганна Тамковіч.