Для малых дзяцей Новы год – гэта казачны час, калі дораць падарункі, загадваюць запаветныя жаданні. А для спецыялістаў,  якія працуюць на святы, спосаб скалаціць капітал за малы час альбо нешта іншае.

Каб высветліць гэта, мы пастараліся зазірнуць не толькі ў святочны кашалёк Дзеда Мароза Міхаіла, але і ў яго думкі.

– Сёлета адчуваецца, што крызіс прайшоўся па кішэнях беларусаў, – адзначае Дзед Мароз. – Калі летась 24 снежня былі замоўленыя ўсе дні да Новага года і на само свята, цяпер застаўся час і на 30, і на 31 снежня. Многія тэлефануюць, пытаюцца пра цану, а вось рэальных заказаў мала.

Няма снегу – і Дзед Мароз нікому не трэба

Праблема і ў тым, што многія спецыялісты працуюць нелегальна, таму і цана ў іх меншая. Дзед Мароз Міхаіл не можа сабе гэтага дазволіць – неабходныя грошы на падаткі. Выклік яго на свята каштуе 25 рублёў, у святочную ноч – у два разы даражэй.

– Многае залежыць і ад снегу, – дзеліцца досведам мужчына. – Няма яго, няма і святочнага настрою, таму і Дзед Мароз непатрэбны.

Святочная праграма Дзеда Мароза доўжыцца 15-20 хвілін. Яна ўключае песні, карагод, танцы, сёлета дадаліся два фокусы.

– Летась за навагоднія святы можна было зарабіць у сярэднім 3-4 мільёны да дэнамінацыі, – расказвае святочны герой. – Аднак варта адкінуць ад гэтай сумы падаткі.

Штогод да зімовага ўбору варта набыць нешта новае, сёлета парык пацягнуў мільён, затое глядзіцца вельмі натуральна.

Як прызнаецца мужчына, для яго быць Дзедам Марозам – гэта не праца, а стан душы, калі хочацца дарыць святочны настрой, выклікаць усмешку ў лю­дзей.

Быць Дзедам Марозам – гэта не праца, а стан душы, калі хочацца дарыць святочны настрой, выклікаць усмешку ў лю­дзей. Фота sibmama.ru.

Быць Дзедам Марозам – гэта не праца, а стан душы, калі хочацца дарыць святочны настрой, выклікаць усмешку ў лю­дзей. Фота sibmama.ru.

Штогод з новай Снягурачкай

– Атрымліваецца так: штогод шукаю новую Снягурачку, – расказвае мужчына. – Адмаўляю дзяўчатам, якія пачынаюць размову з пытання, а колькі я зараблю. Калі для чалавека ў святочныя дні самае галоўнае – грошы, то і настрой будзе адпаведны. Мне трэба памочніца, якая будзе дарыць шчасце людзям, а не падлічваць у галаве свой прыбытак ад выступлення.

Фота 1Zoom.ru.

Фота 1Zoom.ru.

Дзед Мароз узгадвае, што напярэдадні свята бываюць вельмі смешныя званкі.

– Часам пытаюцца, ці п’е Дзед Мароз, – узгадвае спецыяліст. – Не хлушу – магу выпіць, аднак трэба ведаць дзе, калі, з кім і колькі. Аказваецца, людзі ў свой час апякліся: прыйшоў Дзед Мароз са Снягурачкай, пакуль яна вадзіла карагоды, дарыла падарункі, Дзед Мароз нападпітку прысеў на канапу і ледзьве не захроп. Свята было сапсаванае.

Вы мужчына ці жанчына?

Часта пытаюцца, Дзед Мароз мужчына ці жанчына. Пасля высвятляецца, што летась дзіця віншавалі дзве жанчыны: адна ў вобразе Дзеда Мароза, другая – Снягурачкі. Снягурачка завіхалася каля дзіцяці, Дзед Мароз і слова не сказаў, толькі падарунак уручыў. Але ж дзіця не пад­манеш, пасля ў бацькоў спыталася, а чаму Дзед Мароз жанчына.

Сам спецыяліст прызнаецца, свята па-сапраўднаму адчуваецца, калі ідзеш па гора­дзе, а табе наўздагон сігналяць машыны, дзеці з вокнаў крычаць “Дзед Мароз пайшоў!”

– Летась іду па гора­дзе, падлятае хлопчык гадоў 10-11 і дзякуе Дзеду Марозу за падарунак, абяцаў, што і налета будзе пісаць, – з цеплынёй узгадвае мужчына. – Аднак самае запамінальнае, калі падыходзяць бабулькі і просяць патрымацца за посах і загадаць жаданне. Што б там ні гаварылі, а ў цуды вераць людзі ўсіх узростаў.

Сам Дзед Мароз на Новы год будзе прасіць, каб не было горш, чым сёлета.