Толькі адкрыўшы яго дома, і дзеці, і дарослыя пачынаюць перабіраць цукеркі і адкладаць тыя, што будуць есціся ў першую чаргу, і тыя, што могуць пачакаць да лепшых часоў.

Мы паглядзелі на навагодні падарунак з іншага боку: ці трэба на некаторых пазнака 18+.

Салодкія, але з водарам гарэлкі

Фота sputnik.by.

Фота sputnik.by.

У некаторых, акрамя цукерак з вафельнымі і памаднымі начынкамі, ёсць і алкагольныя. Самыя вядомыя сярод іх цукеркі беларускага вытворцы “Сталічныя” і карамель “Сталічная”.

Паглядзім на іх склад, каб вызначыць, наколькі яны алкагольныя.

“Сталічныя” цукеркі маюць фруктовы слой са слівавага пюрэ і лікёрны слой на аснове настойкі “Белавежская”. У склад карамелі “Сталічнай” уваходзяць цукар, патака, малако цэльнае згушчанае, вільгацеўтрымальны агент сарбітавы сіроп, спірт этылавы рактыфікаваны не ніжэй вышэйшай ачысткі, замяняльнік малочнага тлушчу, араматызатар “Гарэлка”.

У кілаграмовых падарунках, напрыклад, “Снегіры Эком” і “Дзед Мароз і Снягурачка Эком”, такіх цукерак няшмат: чатыры  карамельныя і адна шакаладная. Пытанне ў іншым, ці варта іх дазваляць есці дзецям.

“Споўніцца 16, можна і падумаць”

Загадчыца маладзечанскай паліклінікі Іна Саўчык упэўнівае бацькоў, што нават у цукерках у невялікай колькасці алкаголь шкодны для дзіцяці. Фота Зоі Хруцкай.

Загадчыца маладзечанскай паліклінікі Іна Саўчык упэўнівае бацькоў, што нават у цукерках у невялікай колькасці алкаголь шкодны для дзіцяці. Фота Зоі Хруцкай.

– Цяпер у магазінах безліч цукерак, якія розныя на смак, у рознай упакоўцы. Выбраць можна на любы густ і кашалёк, – гаворыць загадчыца маладзечанскай дзіцячай паліклінікі Іна Саўчык. – Таму не бачу сэнсу даваць цукеркі, якія ўтрымліваюць хаця б міліграм спіртнога ці маюць водар пэўнага спіртнога напою. Алкаголь – шкодны для дзяцей. 

Катэгарычнай аказалася і мама шасцідовай Настассі Жанна Горбань.

– Такія цукеркі ў нашай сям’і для дачкі пакуль пад забаронай, – дзеліцца жанчына. – Няхай споўніцца хаця б гадоў 16, тады можна і падумаць. У магазінах хапае розных цукерак, каб зрабіць жыццё дзіцяці салодкім.

Падтрымала такую пазіцыю і маці дваіх дзяцей Ульяна Макавец.

Марыя Бельская лічыць, што дзецям варта паказаць, у якую абгортку загорнутыя алкагольныя цукеркі, патлумачыць, што яны толькі для дарослых.

– Аднак калі дзеці выпадкова дзе знойдуць і з’ядуць некалькі, прытомнасці не страчу, усякае здараецца, – адзначае жанчына. – Здаецца мне, не так там шмат алкаголю. Хоць кажуць, раней былі такія цукеркі з чыстым алкаголем у сярэдзіне, мне такія не сустракаліся яшчэ.

Маладзечанскі псіхолаг Таццяна Жданава кажа, што адназначнага адказу на гэта пытанне даць не можа.

– Канешне, алкаголь – гэта вельмі дрэнна, – зазначае спецыяліст. – Аднак думаю, што ніхто з бацькоў нават падумаць не можа, што ў дзіцячым падарунку разам ляжаць і цукеркі з алкаголем.

У любым выпадку, вырашаць вам, шаноўныя бацькі, якімі цукеркамі ласаваць дзіця. Аднак усё ж такі раім перад тым, як падарыць дзіцяці салодкі падарунак, выняць цукеркі, якія могуць хаця б на грам нашкодзіць.

Колькі цукерак неабходна з’есці, каб супрацоўнікі ДАІ прызналі чалавека нецвярозым, чытайце тут.